Ці праўда, што сталін павялічыў тэрыторыю Беларусі і беларусы павінны яму быць удзячнымі?Цікавы міф….

Ці праўда, што сталін павялічыў тэрыторыю Беларусі і беларусы павінны яму быць удзячнымі?

Цікавы міф. Давайце разбяром яго.

Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе яе ўрад вызначыў тэрыторыю ў этнічных межах – з Вільняй, Гродна, Дзвінскам, Віцебскам, Магілёвам, Смаленскам, Бранскам і Гомелем. Давайце адразу важны дысклэймер: мы не кажам пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў. Беларусі не трэба заваёўваць землі, якія калісьці былі беларускімі. Але варта памятаць, як бальшавікі знішчалі Беларусь – у тым ліку і тэрытарыяльна.

У 1919-1920 бальшавікі знішчылі БНР і стварылі сваю БССР, з якой выразалі вялікія кавалкі гэтых земляў. Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні яны перадалі РСФСР, Вільню, Віленшчыну і нават Гродна з Лідай падарылі Літве, Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс) аддалі Латвіі. А пасля Рыжскай дамовы ў 1921 Заходняя Беларусь разам з Гродна, Наваградкам, Брэстам і Пінскам трапілі ў склад Польшчы. У выніку бальшавікі звялі Беларусь фактычна да Мінскай губерні і некалькіх суседніх паветаў.

Сітуацыя пачала змяняцца ў сярэдзіне 1920-х гадоў. маскве для прапаганды патрэбная была не толькі «Мінская губерня», а паўнавартасная савецкая рэспубліка. Гэта адпавядала палітыцы карэнізацыі, якая рабілася, каб прывабіць мясцовае насельніцтва на бок савецкай улады. Таму ўзбуйненне БССР падавалася як «справядлівае вяртанне беларускіх зямель» і павінна было паказаць беларусам, што савецкая ўлада нібыта падтрымлівае іх нацыянальныя інтарэсы.

У студзені 1924 адбываецца першае ўзбуйненне: з РСФСР у склад БССР перадаюць землі Віцебскай, Смаленскай (без Смаленска) і Гомельскай губерняў. Тады Беларусь павялічылася амаль у два разы. Другое ўзбуйненне адбылося ў снежні 1926, калі БССР вярнулі Гомель і наваколлі, што дагэтуль заставаліся ў складзе РСФСР. Мусіла адбыцца і трэцяе – са Смаленскам і Бранскам. Але мясцовыя ўлады, якія складваліся з расейскіх бальшавікоў, супраціўляліся гэтаму – і трэцяе ўзбуйненне не адбылося.

Заходняя Беларусь, якую саветы самі аддалі Польшчы, вярнулася ў склад БССР 1939 года. Але без Вільні, якую бальшавікі аддалі Літве, каб пасля акупаваць яе і стварыць Літоўскую ССР. А ў 1945 годзе Беласток і Падляшша перадалі ўжо камуністычнай, а значыць саюзнай, Польшчы.

Вось і атрымліваецца, што спачатку бальшавікі захапілі краіну, якая абвясціла незалежнасць, пакінулі ад яе адну губерню, пасля для прапаганды частку вярнулі назад – і цяпер іхнія нашчадкі кажуць пра тое, якія беларусы няўдзячныя. Дзякуй, каб вас качкі тапталі.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee