Кажуць, Беларусь уз’ядналася ў 1939 годзе. Але хто яе падзяліў?Учора ў Беларусі намагаліся святкавац…

Кажуць, Беларусь уз’ядналася ў 1939 годзе. Але хто яе падзяліў?

Учора ў Беларусі намагаліся святкаваць 17 верасня як дзень народнага адзінства. Гэта дзень, калі паводле пакта Молатава-Рыбентропа (Сталіна-Гітлера) СССР забраў тэрыторыю Заходняй Беларусі. Нам прапануюць радавацца таму, што гэта адбылося. Але давайце пойдзем далей і ўзгадаем, як жа так атрымалася, што Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы, а Усходняя – у складзе расеі.

У 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка заявіла пра сваю незалежнасць у этнаграфічных межах рассялення беларусаў. Адразу дысклэймер: гэты тэкст не пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да нашых суседзяў. Змяняць межы на падставе эфемернай «гістарычнай справядлівасці» – шлях у нікуды. Шлях, якім займаецца сучасная расея.

Дык вось, калі мы зараз паглядзім на тыя межы, то можам убачыць, што сучасная Беларусь значна меншая. Смаленск і Бранск цяпер у складзе расеі, Дзвінск (Даўгаўпілс) – у Латвіі, Вільня і Віленшчына – у Літве, Беласток і Падляшша – у Польшчы. Чаму? Бо так вырашыла расея.

Бальшавікі знішчылі незалежнасць БНР, утварылі марыянетачную ССРБ, прайгралі савецка-польскую вайну і адкупіліся ад палякаў Заходняй Беларуссю і Заходняй Украінай. У 1939 годзе яны вярнулі гэтыя тэрыторыі. Але Вільню адразу ж перадалі Літве ў абмен на вялікі кантынгент савецкіх войскаў у Літве. Ужо праз год Літва была акупаваная.

Беласток і Падляшша перадалі Польшчы ў 1945 годзе, бо СССР атрымаў Кёнігсберг. Які далучыў, канечне ж, не да Беларусі, а да РСФСР. А Смаленск і Бранск адабралі на карысць РСФСР яшчэ ў першай палове 1920-х – без аніякіх тлумачэнняў, проста таму, што маглі.

Уся гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі – гэта гісторыя болю, пакутаў, забойстваў і стратаў. У тым ліку і тэрытарыяльных. І ўсё гэта зрабіла менавіта масква. Таму святкаваць 17 верасня – гэта тое ж самае, што святкаваць «уз’яднанне» Беларусі ў страўніку людажэра, гэта фактычна прызнаваць гаспадарства масквы над нашай зямлёй.

Нашая справа – не святкаваць боль, а трымацца свайго: мовы, культуры, памяці. Мы – беларусы, і што для нас свята – вырашаем мы самі.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee