Цікавая статыстыка. Узяў памеры ВУП (па метадалогіі МВФ) па гадах з 1995 году. І па кожнай краіне як…
Узяў памеры ВУП (па метадалогіі МВФ) па гадах з 1995 году. І па кожнай краіне якія некалі былі часткамі СССР. Цікава, што поўная статыстыка ёсьць з 1995 году. Гэта наштурхнула на думку. А чаму б не параўнаць
а) памеры эканомік
б) наколькі эканомікі дзяржаў (ВУП) вырасьлі з 1995 году.
Зрабіў )
Ітак, 1995 год – па памеры эканомікі (ВУП) Беларусь на 5-м месцы сярод некалі “саюзных рэспублік”. Большая эканоміка толькі ў РФ, Украіны, Казахстана, Узбекістана. У 2005-м на 4-м – Узбекістан сутыкнуўся з крызісам збыту уласнай прадукцыі і, як вынік, дэіндустрыалізацыяй. 2010 – таксама чацьвертае. Пры тым што вырасьлі ўсе, але тады ў Беларусі спрабавалі праводзіць эканамічныя рэформы. У 2015 ужо пятыя. З 2011 па 2014 Беларусь “ітэгравалась” у мытны саюз, а Ўзбекістан рабіў рэзкія рэформы. І за 5 год павялічыў ВУП з 49 да 85 млрд. даляраў.
2020 — захавалі 5 месца – таксама дзякуючы спробам эканамічных пераўтварэньняў (ці лібералізацыі 2016-19 гадоў).
І, нарэшце, 2024 – 8 (восьмыя). Прапусьцілі нагору Азербайджан, Туркменістан і Літоўскую рэспубліку.
Калі ж вылічыў мультыплікатар (у колькі раз вырас ВУП з 1995 году), то карціна стала відавочнай. Па тэмпах росту эканомікі Беларусь “пасе задніх”. ВУП у абсалютных лічбах вырас з 10,532 да прыкладна 71,179 млрд. Альбо ў 6,76 разоў. Шмат? Малайцы?
Магчыма. Але горш за нас з 15 былых “саюзных рэспублік” вырасьлі толькі:
Украіна. Якую падкасіла анэксія крыму ды вайна на Данбасе з 2014 (згубіла 18% прамысловасьці) і моцна лупанула агрэсія РФ у 2022-м. Яе рост склаў 4,98 разы
РФ, якая вырасла ў 6,4 разы. Але тут зразумела – краіна-бензакалонка расьце не разьвіцьцём эканомікі, а продажам сыравіны.
Крыху вышэйшыя тэмпы ў Латвіі (8,3 разы) і Туркменістана (8,44). З Латвіяй зразумела – яе эксперымент па пераўтварэньню на “фінансавы хаб” моцна ўдарыў па эканоміцы падчас фінансавых крызісаў. Агойдваюцца дасюль. А вось Туркменістан – краіна якая па запасах газу уваходзіць у сусьветны ТОП-5 мае іншы праклён. Дакладней праклёны. Турменбашы, Акадаг і зараз ягоны сын.
А вось тыя з каго сьмяяліся дзяржаўныя СМІ расьлі хутка. Малдова, якую успрымалі беднай і якая згубіла 30% тэрыторый (прыднястроў’е) і палову прамысловасьці вырасла ў 16,3 разы. Арменія, якая была заціснута варожымі краінамі і траціла купу грошай на вайну ў 19,8. Азербайджан – то наоуг у 30,7 разоў.Грузія й Казахстан у 17. Кыргызстан у 11. Суседняя літоўская рэспубліка ў 12,5.
Пры гэтым у Беларусі няма войнаў, тэрыторыі не гублялі. І нават дэманстравалі , што можам расьці хутка (2006-2010, 2016-19). Але ў нашай гісторыі такія сінусоіды зразумелыя. Прыходзяць ва ўрад разумныя людзі ды спрабуюць разагнаць эканоміку. Пасьля адзін беларус палохаецца і вырашае напалохаць нацыю. Прыводзіць ва ўрад людзей з кругавой ізвілінай ад фуражкі. Эканоміка тармозіць. Калі стае зусім цяжка – зноў шукае разумных. І так па колу. Ну і асноўны “партнэр і сябра”. Калі той на каго ты молісься і да каго прывязваеш эканоміку вырас за 30 год толькі ў 6,5 разоў, пра рост, прынамсі, тэмпамі Малдовы годзе ўжо й думаць. Гэта не магчыма.
Адным словам, арыфметыка — цікавая штука.
ЗЫ: для патэнцыйных крытыкаў. Разьлікі па ВУП па парытэту пакупальнай здольнасьці ВУП па ППЗ і ВУП па ППЗ на душу насельніцтва даюць такую ж дынаміку.
Простымі словамі – мы былі сярод найбольш разьвітых і заможных у былым саўку. Зараз нас абганяюць амаль усе. І абгоняць, калі зноў не запрасіць разумных заняцца эканомікай.