Асабістае й палітычнаеАльбо чаму я не падтрымліваю Ціханоўскую?Гэтае пытаньне мне задалі сёньня зран…
Альбо чаму я не падтрымліваю Ціханоўскую?
Гэтае пытаньне мне задалі сёньня зранку. Задумаўся. Заўвагі ёсьць, але ключавое я пачуў сёньня. І зразумеў што ад гэтага йдзе ўсё іншае.
Пра што гаворка? Сёньняшні выступ Ціханоўскай. І фраза “мы павінны абмеркаваць памылкі. Зробленае ці не дастаткова зробленае. І канешне шукаць вінаватых у тым што не было зробленае. Але ў першую чаргу давайце сфакусуемся на тым што рабіць далей…”
Тут я ўцяміў — гэтае ключавое. Памылкі робяць усе. Але чалавека зь якім можна мець справу, з майго гледзішча, адрозьнівае адно – уменьне вызнаваць памылкі, аналізаваць іх і браць адказнасьць.
Тут жа мы маем – ўзгадка пра магчымыя памылкі ёсьць. Але адразу – пашукаем вінных. І ўсё. У астатнім Сьвятлана і яе атачэньне быццам бы не памыляліся, не касячылі.
Вось, напісаў і зразумеў што ў Беларускай палітыцы ёсьць дзьве такія асобы — Ціханоўская ды Лукашэнка. Два бакі аднаго шэляга. Абодва калі прыпячэ, гатовыя гаварыць пра памылкі…ішных. І шукаць вінных. А самі “ідэальныя ды беспамылковыя”. Натуральна ў падачы бліжэйшага атачэньня. Бо ні Лукашэнка ні Ціханоўская не скажуць такога пра сябе – хутчэй сьціпла “не бойцеся крытыкаваць”. А ўсё астатняе даробіць сьвіта.
Адпаведна, любыя касякі можна зразумець, калі яны аналізуюцца, калі робяцца высновы і пляны на базе высноваў. Так, каб касякі не паўтарыць.
А ў нас жа, калі глядзець “справаздачы”, адзін праводзіць штогадовую пераможную бітву за ураджай. Але памеры таго самага ўраджаю чамусьці год ад году зьніжаюцца. Альбо вядзе барацьбу за мір, але па факту вайна усё бліжэй і бліжэй.
Другая гаворыць пра перамогу беларуссаў і дэмакратычных сілаў, пра посьпехі на зьнешнепалітычным полі. Але чамусьці Летува, Чэхія праводзяць палітыку “аптымізацыі” колькасьці беларусаў у сябе. А палітычныя перамогі праяўляюцца ня толькі ў лічбах сацыялёгіі, але і ў колькасьці асобаў, якія могуць прыйсьці на акцыі “лідэра”.
Варыянт “жывой іконы ў куточку” і трох “ку” на лідэра кожнай раніцы, даруйце, мне агідны. І немае розьніцы якое прозьвішча той самай іконы. Бо “паверыць” азначе наклікаць небясьпеку на сябе й сваё блізкае кола. Не з-за нейкіх рэпрэсій ці аналагічнага. Корань у цытаце “канешне шукаць вінаватых”. Калі асоба якая прэтэндуе на лідэртсва нават ў думках не дапускае што вінным ці віннай можа быць ён ці яна, гэта шлях у балота. Альбо, у беларускіх рэаліях, бег па колу. Непрадуктыўна, сумна і тупа.
неяк так