БЕЛАРУСЬ І ЎКРАІНА Ў РАСЕЙСКАЙ ВАЙНЕ1. Беларусь для Расеі, якая як дзяржава існуе за кошт агрэсіўнай…
1. Беларусь для Расеі, якая як дзяржава існуе за кошт агрэсіўнай вайны, разглядаецца найперш як стратэгічны плацдарм, як выгадная тэрыторыя, захапіўшы якую, можна пагражаць Польшчы, Латвіі, Летуве, Украіне і ўсёй Эўропе.
2. Перад нападам на Украіну ў 2022 годзе расейцы, фактычна, акупавалі Беларусь шляхам гібрыднай вайны, выкарыстаўшы разгром беларускіх пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе і дамову аб вайсковых вучэньнях.
3. Напад на Украіну 24 лютага 2022 г. стаў магчымы толькі пасьля расейскага вайсковага заходу на тэрыторыю Беларусі і пасьля поўнага палітычнага падпарадкаваньня Лукашэнкі, які здрадзіў народу, стаў маскоўскім згоднікам, марыянэткай і пасобнікам агрэсіі.
4. На працягу трох гадоў вайны, нягледзячы на ціск з боку Крамля, так і ня быў адкрыты паўночны фронт Украіны, і Беларусь не ўцягнулі ў вайну. Дзейнікі: — антываенная пазыцыя беларускага народа і арміі. Практычна, усё беларускае грамадзтва катэгарычна настроена супраць удзелу Беларусі ў любой расейскай вайне супраць суседзяў Беларусі.
5. Пазыцыю беларускага грамадзтва адлюстроўвае таксама армія, якая складаецца, у асноўным, з вайсковага тэрміновага прызыву. Існуюць два меркаваньні сярод сярэдняга і ніжняга кадравага складу: — калі пагоняць у наступ, то трэба перайсьці на бок украінцаў і здацца. (Існуюць міжнародныя законы, якія ахоўваюць правы такіх людзей.) І другая пазыцыя (схаваная) — выступіць супраць рэжыму Лукашэнкі.
6. Становішча ў арміі і антываенная пазыцыя беларускага народа вядомыя Лукашэнку, прымушаюць яго супраціўляцца ціску Масквы і не ўступаць у вайну, бо яму зразумела, што грамадзтва можа рэзка і масава адрэагаваць на пачатак вайны, ўспыхнуць дэманстрацыі і пратэсты з ужываньнем сілы. У выніку сатрап рызыкуе страціць уладу.
Страх перад народам і небясьпека страціць уладу трымае Лукашэнку ў напружаньні і засьцерагае яго ад рашэньня пачаць вайну супраць Украіны на баку Расеі.
7. Беларускі народ, усё грамадзтва ў сваёй антываеннай пазыцыі аб’ектыўна ёсьць натуральным саюзьнікам Украіны. Але найлепш тое разумеюць якраз маскоўскія спэцслужбы, выведка і прапагандысты. Уся шматлікая расейская агентура ва Украіне накіравана на ахайваньне беларусаў быццам бы ад імя украінцаў. Задача выклікаць рэакцыю нянавісьці ў адказ. Антыбеларуская агентурная прапаганда ідзе валам. Але, на шчасьце, заўважных вынікаў не дае. Беларусы не паддаюцца. (Тут мушу дадаць, што маскоўцы, у прынцыпе, не разумеюць эўрапейцаў-беларусаў, апрыёры раўняючы іх па сабе.)
8. Шкодную ролю, на жаль, тут адыгрываюць палітыкі Эўразьвязу, у пэўных аспэктах салідарызуючыся з маскоўскай антыбеларускай прапагандай праз Украіну, абклаўшы беларускі народ агульнымі эканамічнымі санкцыямі у тым ліку на тавары першай неабходнасьці і народнага спажываньня, а ўскосна, — на магчымасьць працаваць, гандляваць, адчыняць фірмы і г. д.
9. Практычную салідарнацьць з украінцамі праявілі патрыятычныя беларусы ў 2022 годзе сваімі партызанскімі дыверсіямі на чыгунцы, калі маскаль гнаў цягнікі са зброяй і дапамогай на Кіеў. Таксама, нягледзячы на перашкоды, шмат беларускіх дабраахвотнікаў змагаецца з расейскімі агрэсарамі ў розных вайсковых аддзелах ва Украіне, пачынаючы з 2014 года. Найбольш вядомае злучэньне – гэта Полк імя Кастуся Каліноўскага.
Ваярам ва Украіне дапамагаюць беларускія валанцёры з Пальшчы (НВР «Вольная Беларусь»), Канады, Бельгіі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, ЗША і інш.
10. Як Украіна, так і Беларусь у значнай ступені робяцца ахвярамі левай глабалісцкай палітыкі эканамічных і сацыяльных інтарэсаў дзяржаўных саюзаў і вялікіх краін.
4 красавіка 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК