5 лістапада спаўняецца 117 гадоў з нараджэньня аднаго з галоўных кіраўнікоў беларускага антыкамуніс…

5 лістапада спаўняецца 117 гадоў з нараджэньня аднаго з галоўных кіраўнікоў беларускага антыкамуністычнага супраціву – генэрала Міхала Вітушкі.

На далучаным фота партрэт Міхала Вітушкі намаляваны забітым лукашыстамі мастаком Алесем Пушкіным.

Міхал Апанасавіч Вітушка нарадзіўся 5 лістапада 1907 году ў Нясьвіжы. Навучаўся ў віленскай беларускай гімназыі, праскім Карлавым універсітэце і варшаўскай Палітэхніцы. Быў адным з лідараў беларускага студэнцкага руху.

Падчас Другой сусьветнай вайны зьяўляўся адным з кіраўнікоў «Беларускай Незалежніцкай Партыі» (БНП), якая ставіла сваёй мэтаю вызваленьне Беларусі ад нямецкіх і савецкіх акупантаў. У 1941 годзе, разам з украінскімі братамі, змагаўся з адступаючымі чырвонаармейцамі на Палесьсі. Пасьля выехаў у Смаленск і Бранск, дзе займаўся арганізацыяй беларускай адміністрацыі і беларускіх вайсковых адзінак. Летам 1944 году Міхал Вітушка ўдзельнічаў у Другім усебеларускім кангрэсе, да якога БНП рыхтавала антынямецкае паўстаньне і абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, аднак з пэўных прычынаў пляны праваліліся. Пасьля адступіў на Захад і зьяўляўся адным з кіраўнікоў батальёну «Дальвіц» і афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны. Затым дэсантаваўся ў акупаваную саветамі Беларусь і арганізаваў сетку партызанскіх групаў вядомую, як «Чорны кот», а пазьней рэарганізаваную ў «Беларускую вызвольную армію». Змагаўся на Радзіме да пачатку 1950-ых гадоў, пасьля чаго вывеў большую частку застаўшыхся партызанаў на Захад. Меў рангу генэрала ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама першым атрымаў Ордэн Жалезнага рыцара – найвышэйшаю вайсковую узнагароду Рады БНР.

Міхал Вітушка пасяліўся ў ФРГ і па сьведчаньнях яшчэ ня раз наведваў Беларусь па падробленых дакумэнтах. Па непадцьверджаных зьвестках ад ягонага сына генэрал памёр у Нямеччыне 27 красавіка 2006 года.


СЛАВА ГЕРОЯМ БЕЛАРУСКАГА СУПРАЦІВУ!