Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацы з беларускай дыяспарай у Чэхіі працягвае дапамагаць беларускаму студэнцтву. Афіцыйныя прадстаўніцы беларускай нацменшасці Крысціна Шыянок і Алена Ціхановіч разам з Задзіночаннем беларускага студэнцтва Чэхіі (Bělaruské studentstvo ČR) сустракаюцца з кіраўніцтвам чэшскіх універсітэтаў, дзе ёсць гэтак званыя «крытычныя спецыяльнасці», на якіх забараняюць вучыцца беларусам.
Сустрэчы ўжо адбыліся з рэктарамі найбуйнейшага ў Чэхіі тэхнічнага ўніверсітэта ČVUT і найбуйнейшага чэшскага хімічнага ўніверсітэта – VŠCHT. Яны дамовіліся, што ўніверсітэты будуць прымаць гарантыйныя лісты, падпісаныя прадстаўнікамі нацменшасці.
Для атрымання такога ліста студэнты праходзяць верыфікацыю – што яны не з’яўляюцца супрацоўнікамі сілавых структураў і не збіраюцца працаваць на карысць рэжымаў Лукашэнкі ці Пуціна. Дамоўленасці, дасягнутыя па беларускіх студэнтах і студэнтках, замацаваныя ў прэс-рэлізах на сайтах пражскіх універсітэтаў ČVUT і VŠCHT.
Студэнты могуць звярнуцца па верыфікацыю і гарантыйны ліст – [email protected] або ў сацыяльных сетках Bělaruské studentstvo ČR: Facebook, Instagram, Twitter. Верыфікацыя студэнтаў адбываецца праз беларускія дэмакратычныя структуры, у тым ліку BYPOL. Кожны выпадак разглядаецца ў індывідуальным парадку з улікам шэрага фактараў.
На фота: беларусы на сустрэчы з кіраўніцтвам ČVUT.