Зварот Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі да Дня вайсковай славы БеларусіСёння – гадавіна сла…

Зварот Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі да Дня вайсковай славы Беларусі

Сёння – гадавіна славутай бітвы пад Воршай, калі войска гетмана Канстанціна Астрожскага перамагло амаль удвая большую армію Маскоўскага княства. Гэта адзін з найславуцейшых трыўмфаў беларускай зброі – разам з Грунвальдам, Сінімі Водамі і Клецкам.
Чаму сёння так важна ўзгадваць мінулае, калі мы кажам пра сучаснасць і будучыню? Бо як і пяць стагоддзяў таму, сёння беларускія ваяры пад бел-чырвона-белым сцягам ды Пагоняй змагаюцца з захопнікамі з Усходу.

Мы ўпэўнены, што гэтыя ваяры стануць наймацнейшым падмуркам для стварэння сапраўднай беларускай арміі. Арміі, якая будзе бараніць Беларусь і яе народ, а не прыслужваць узурпатару і акупацыйным войскам. Афіцэры якой будуць ведаць, што такое слова сапраўднага беларускага афіцэра. Армія, якая зможа як і сотні гадоў таму перамагчы варожыя войскі, якія пажадаюць захапіць нашыя тэрыторыі.

На жаль, сёння мы вымушаны канстатаваць, што Беларусь фактычна акупаваная – нелегітымным рэжымам, які падтрымлівае Расія. І нашая агульная задача цяпер у тым, каб дапамагаць кожнаму, хто змагаецца за вольную Беларусь – беларусам з палка імя Кастуся Каліноўскага, палка «Пагоня» і іншым добраахвотнікам у складзе УСУ. Пры гэтым не менш важна памятаць пра супраціў у самой Беларусі – уступаць у план «Перамога», распавядаць пра яго іншым, знаходзіць больш аднадумцаў і падтрымліваць адзін аднаго.

Беларусь будзе вольнай краінай – гэта пытанне часу і нашай агульнай працы.
Са святам, беларускія ваяры! Дзякуй вам, героі! Жыве Беларусь!