ЯКУБ КОЛАС
УСХОД СОНЦА
На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, праліецца
Чырвань на ўсходзе –
Гэта неба ўсміхнецца
Людзям і прыродзе.
Смех адказны, смех шчаслівы
Ходзіць на пагорках.
Час світання – час зычлівы…
Гаснуць, нікнуць зоркі.
Шырай, шырай зараніца
Разнімае крылле,
Нібы пожар бʼе крыніцай
Там, на небасхіле.
Сноп праменняў, пышна ўзняты,
Сее бляск-чырвонцы –
Гэта неба сцеле шаты
На дарогу сонцу.
Над палямі мрок прарваўся,
Па нізах расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.
Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны –
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
І дзяньку кароны.
Як прыемна пахне збожжа!
А вакол – спакойна!
Эх, як слаўна, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!
І сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных…
І дзе ёсць такія скарбы
Гожства, сугалосся?!
[1908]
#хвілінка_паэзіі
Фота: Віктара Малышчыца