У адпаведнасці з Пастановай №2 ад 22 верасня 2022 г. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі паведамляе…

У адпаведнасці з Пастановай №2 ад 22 верасня 2022 г. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі паведамляе, што прадстаўнікі Кабінета выканалі пастаўленыя перад імі задачы ў перыяд з 22 верасня па 5 кастрычніка наступным чынам:

Прадстаўнік па законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў праінфармаваў Кабінет аб ступені гатоўнасці мабілізацыйнага плана «Перамога» і вызначэнні яго галоўных прадпісанняў для ўдзельнікаў. Кабінет прыняў рашэнне аб узмоцненым інфармаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь аб асноўных палажэннях плана «Перамога» і ролі грамадзянаў у ім.

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык прапанаваў меры па наладжванні сталага ўзаемадзеяння Кабінета са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, і аказанні ім рознабаковай дапамогі. Дакумент з прапанаванымі мерамі прызначаны для службовага карыстання і не падлягае распаўсюду ў поўным аб’ёме.

Прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка распавёў пра вынікі працы з дзяржслужачымі Рэспублікі Беларусь, якія выявілі гатоўнасць падтрымаць дэмакратычныя змены, і прапанаваў да разгляду канцэпцыю «Кадравы рэзерв Новай Беларусі», якая прадугледжвае адбор і навучанне супрацоўнікаў дзяржапарата для пераходнага перыяду. Таксама былі прапанаваныя варыянты Палажэння, якое рэгламентуе прыняцце на службу, прысваенне воінскіх, спецыяльных званняў і класных чыноў.

Прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі прапанаваў меры па новай мабілізацыі міжнароднай дапамогі для дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і беларускай грамадскасці ў справе абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Былі вызначаны прыярытэтныя напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі: умацаванне адносінаў з Украінай; здабыццё падтрымкі дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый на пераходны перыяд.

Прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі прадставіў Кабінету канцэпцыю перагляду дагаворна-прававой базы адносінаў Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй, што прадугледжвае скасаванне тых дагавароў, якія шкодзяць нацыянальнаму суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Найперш плануецца, што ў лік такіх дамоўленасцяў увойдуць дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, аб уваходжанні ў АДКБ і аб ваенным супрацоўніцтве з Расіяй, што стане першым этапам скасавання расійскай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі.

Больш падрабязна аб выкананні Пастановы №2 – па спасылцы.

Справаздача аб выкананні задачаў Пастановы №2 ад 22 верасня 2022 г. 

22 верасня Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі апублікаваў Пастанову №2, у якой сцвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, здрадзіў нацыянальным інтарэсам дзяржавы і паставіў пад пагрозу яе незалежнасць і…