​Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Румыніі і выступіла на Мюнхенскай сустрэчы лідараў у БухарэсцеЦі…

Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Румыніі і выступіла на Мюнхенскай сустрэчы лідараў у Бухарэсце

Ціханоўская і прэм’ер Румыніі Нікалае Чукэ абмеркавалі магчымыя захады міжнароднай супольнасці, каб не дапусціць уваход беларускіх войскаў у вайну супраць Украіны. Ціханоўская заклікала Румынію адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ, і аказаць максімальную падтрымку ініцыятывам, накіраваным на ўмацаванне незалежнасці і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Таксама Ціханоўская правяла сустрэчы ў румынскім парламенце з удзелам усіх партыйных групаў. Яна заклікала дэпутатаў стварыць парламенцкую групу сяброў Беларусі, правесці слуханні па Беларусі ў камітэтах па замежных адносінах у абедзвюх палатах парламента і ўзяць шэфства над палітвязнямі.

Далей Ціханоўская выступіла на «Мюнхенскай канферэнцыі лідараў». У сваім выступе Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым спонсарам тэрарызму і пашырыць санкцыі на супрацоўнікаў дзяржаўных прапагандысцкіх медыяў, КДБ і спецслужбаў. Таксама Ціханоўская заклікала пашырыць выдачу візаў для беларусаў у беларускіх гарадах і не прызнаваць дамовы і пагадненні, якія падпісвае Лукашэнка, бо ён не мае законнай сілы, а гэтыя дамовы падрываюць беларускі суверэнітэт.

Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных лідараў падтрымаць рэзалюцыю Еўрапейскага Парламента і дадзеныя ў ёй рэкамендацыі, у тым ліку ізаляцыю рэжыму, падтрымку беларускага народа ў яго барацьбе, распачаць следчыя дзеянні супраць рэжыму за злачынствы супраць апанентаў, за падтрымку вайны ва Украіне і ўсталяваць кантакты з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам.

На фота: Святлана Ціханоўская і Нікалае Чукэ.