“Прыгоды Козачкі Зефіркі”
Сёння, 25 снежня, адбылася прэм’ера дзіцячай адукацыйна-пазнавальнай перадачы “Прыгоды Козачкі Зефіркі”. Цыкл відэагісторый для маленькіх беларусаў падрыхтавалі ў Варшаве настаўнікі, дзеячы тэатра і адмыслоўцы па відэакантэнту, што вымушаныя былі эміграваць праз палітычныя рэпрэсіі 2020-га года і вайну ва Украіне.
Студыя “РАЮ” – такую назву мае новае творчае аб’яднанне – прэзентуе першы сезон адукацыйна-пазнавальнай перадачы для дзяцей 3-6 гадоў.
Галоўная гераіня Козачка Зефірка будзе вывучаць навакольны свет, заводзіць новых сяброў і разам з імі вучыцца прымаць правільныя, хоць часам і не самыя простыя для маленькіх гледачоў, рашэнні.
Калядная серыя будзе святочным уступам да асноўнага цыклу серый.
“Для нас было важна стварыць для дзяцей наш, беларускі кантэнт. Не толькі
па-беларуску, але і насычаны адпаведным зместам – фальклорнымі сюжэтамі, адсылкамі да айчыннай літаратуры, традыцыйнай творчасці. А яшчэ, па магчымасці, крыху закрануць і актуальныя праблемы, якія перажывае ўсё грамадства”, – кажа аўтар ідэі Юлія і дадае: “Для дарослых гэта не просты час, але для нашых дзяцей ён, мабыць, яшчэ больш складаны. Многія з іх апынаюцца ў чужой, незнаёмай культурнай прасторы. Шмат хто не можа наведваць звыклыя заняткі, гурткі, святочныя імпрэзы, губляе сувязь з сябрамі і настаўнікамі-выхавацелямі, да якіх прывык”.
Захоўваць сувязі з беларускай культурнай прасторай, а таксама паміж дзецьмі і тымі, хто працаваў для іх у Беларусі, на думку ўдзельнікаў студыі, цяпер дапамагае анлайн-фармат. Што праўда, засвойваць мультымедыя інструменты і тэхналогіі спецыялістам, якія прывыклі працаваць з дзецьмі ўжывую, бывае складана, але магчымасці і, што важна, жаданне ёсць.
Удзельнікі студыі “РАЮ” спадзяюцца, што падобных ініцыятыў у эміграцыі будзе болей, а таксама выказваюць падзяку тым, хто дапамог праекту рэалізавацца – культурна-асветніцкай ініцыятыве “Грунт” і студыі “Медыяпорта”.
Глядзець па спасылцы.
Беларусы Замежжа | Даслаць навіну