25 СакавікаДваццаць пятага сакавіка —Годны дзеньБеларускай дзяржавы.Веснаплынных вятроў талакаПыл з …

25 Сакавіка

Дваццаць пятага сакавіка —
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюма галавамі.
Мы не з нейкай бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.

Мы — ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сцяга.

Дваццаць пятага сакавіка —
Наша свята,
Пароль
І прысяга!

Рыгор Барадулін