«Мы ўражаныя запытам: больш за 57 000 пашпартоў»Валер Кавалеўскі распавёў пра вынікі апытання аб нов…

«Мы ўражаныя запытам: больш за 57 000 пашпартоў»

Валер Кавалеўскі распавёў пра вынікі апытання аб новым нацыянальным пашпарце Беларусі, якое праходзіла на платформе «Голас»:

«Трохі больш за тыдзень таму мы прэзентавалі праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытання выказалі намер атрымаць больш за 57 000 пашпартоў. Тысячы з іх пазначылі, што плануюць звяртацца па пашпарт не толькі для сябе, але і разам з чальцамі сваіх сямей.

Такое жаданне выказалі беларусы з розных куткоў свету, у тым ліку з ЗША, Канады і іншых дзяржаў. Нас асабліва натхніла, што больш за траціна ўдзельнікаў апытання зараз пражываюць у Беларусі, хоць мы і акцэнтавалі ўвагу на тым, што з меркаванняў бяспекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа. Уражвае, што самай папулярнай прычынай патрэбы ў новым пашпарце апытаныя назвалі непрыняцце рэжыму і яго акупацыйных сімвалаў.

Разам з тым, амаль палова ўдзельнікаў апытання пражываюць у Еўрасаюзе. І прадказальна, што іншымі, больш прагматычнымі прычынамі згодна з апытаннем сталі заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта і цяжкасці з абменам дакумента ў рэжымных консульствах. Апытанне паказала, што мінімум 2 тысячы чалавек маюць патрэбу ў аднаўленні пашпарта ўжо зараз. Гэта можа быць «вярхушкай айсберга».

Гэты вынік таго, што ўстановы рэжыму не выконваюць сваіх абавязкаў перад грамадзянамі, якія жывуць у замежжы. Таму мы бяром частку функцый па дакументацыі беларускіх грамадзян на сябе. Нездарма ў апытанні найбольш важнай перавагай новага пашпарта беларусы назвалі свабоду ад кантролю дыктатуры, якую ён дае ўладальніку.

Дзякую ўсім, хто прыняў удзел у апытанні. Вы дапамаглі нам ацаніць аб’ём запыту на новы беларускі пашпарт, гэта нам спатрэбіцца таксама і ў працы па дасягненні міжнароднага прызнання пашпарта. Хачу таксама падзякаваць Паўлу Ліберу і камандзе платформы «Голас», якія камунікацыйна падрымліваюць гэты праект, спадзяюся, гэта супрацоўніцтва працягнецца ў выкананні гэтай задачы».

@CabinetBelarus