Гісторыя ČSR – важны ўрок для Беларусі, Еўропы і ўсяго светуНамеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходна…

Гісторыя ČSR – важны ўрок для Беларусі, Еўропы і ўсяго свету

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі да Дня стварэння Незалежнай Чэхаславацкай Рэспублікі:

«Гісторыя ўзнікнення і развіцця Чэхаславацкай Рэспублікі дае нам прыклады і засцярогі, актуальныя і сёння.

Падобна да БНР, Чэхаславацкая Рэспубліка здабыла незалежнасць у выніку развалу імперыі. Трагічная гісторыя заканчэння Першай Чэхаславацкай Рэспублікі нагадвае, што тэрытарыяльныя саступкі таталітарным дыктатарам прыводзяць да яшчэ большых войнаў.

«Пражская вясна» 1968-га году – прыклад народнай годнасці і негвалтоўнага супраціву дыктатуры, «Аксамітная рэвалюцыя» – прыклад незваротных зменаў у грамадстве, якія не могуць спыніць ні рэпрэсіі, ні акупацыйныя войскі, а «Аксамітны развод» – прыклад таго, як два суседскія народы па ўзаемнай згодзе могуць падзяліць супольную спадчыну і надалей жыць у незалежных дзяржавах.

Беларускі і чэшскі народы звязваюць стагоддзі сяброўскіх адносін. Чэхія не раз была домам, прытулкам і месцам творчасці выбітных беларусаў.

Менавіта ў Празе Францыск Скарына выдаў першую беларускую і агулам усходнеславянскую друкаваную кнігу – Псалтыр, а пазней – 23 кнігі Бібліі. У Празе знайшла прытулак Рада БНР пасля таго, як вымушана пакінула Радзіму. У Празе, атрымаўшы стыпендыю чэшскага ўраду, вучыліся славутыя беларусы Тамаш Грыб, Уладзімір Жылка, Палута Бадунова, Віктар Вальтар. Тут упершыню заззяў паэтычны талент Ларысы Геніюш.

Чэхія стала прытулкам для беларусаў і пасля 2020-га году. Чэхія была першай краінай, якая ў рамах праграмы «Medevac» прыняла на лячэнне і рэабілітацыю беларусаў, параненых і скалечаных рэжымам падчас пратэстаў. І сёння Чэхія зʼяўляецца прытулкам і домам для многіх беларусаў, якія вымушана пакінулі сваю краіну праз рэпрэсіі.

Мы з аптымізмам глядзім на будучыню адносінаў нашых краін і віншуем чэшскі народ са 105-мі ўгодкамі абвяшчэння Незалежнай Чэхаславацкай Рэспублікі».

@BelarusiSvet