«Мы, як і Каліноўскі, працягнем змагацца за «нашу праўду», якую ў нас зноў імкнуцца адабраць»Прадста…

«Мы, як і Каліноўскі, працягнем змагацца за «нашу праўду», якую ў нас зноў імкнуцца адабраць»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык – да дня нараджэння Кастуся Каліноўскага:

«У гэты дзень нарадзіўся наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, які на тэрыторыі нашай краіны кіраваў паўстаннем 1863-64 гадоў і ўзначальваў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі.

Складана знайсці іншую гістарычную постаць, якая б так яднала беларускі народ. Беларускім героем Каліноўскі прызнаваўся нават у савецкай гістарыяграфіі – як лідар сялянскага паўстання. Яго імя носяць вуліцы беларускіх і замежных гарадоў. Веру, што так будзе і надалей.

Прарасійская прапаганда не стамляецца чарніць імя Кастуся Каліноўскага, перакручваць гістарычныя факты, называць яго «польскім бунтаром» і (цяпер гэта гучыць звычайна, надзённа) «экстрэмістам».

Але мы прапагандзе не верым.

Мы ведаем пра «Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя па-беларуску, – той самай лацінкай, якую зараз сціраюць з вуліц Мінска.

Мы ведаем, хто пазбавіў Каліноўскага, які дбаў пра інтарэсы «мужыкоў-беларусаў», жыцця. Мы ведаем, хто пахаваў яго са звязанымі за спінай рукамі.

І мы ведаем, за што змагаецца цяпер полк, названы ў яго гонар.

У мяне няма сумненняў, што ў сумесным падручніку па гісторыі, які збіраюцца стварыць беларускі і расійскі рэжымы, аб Каліноўскім як аб героі напісана не будзе. І таму мы, як і Каліноўскі, працягнем змагацца за «нашу праўду», якую ў нас зноў імкнуцца адабраць.

Адказнасць за будучыню Беларусі на ўсіх нас – беларусах і беларусках. На бацьках і дзецях, здольных захаваць у сэрцах сваё.

Веру, што мы скончым справу Каліноўскага і станем пакаленнем, якое перамагло дыктатуру.

Да дня нараджэння Кастуся Каліноўскага Прадстаўніцтва на нацыянальным адраджэнні Кабінета прымеркавала Дзень беларускіх герояў і гераінь. Давайце зробім гэтае новае свята добрай традыцыяй».

@CabinetBelarus