«Раёнка»: бясплатныя медыцынскія кансультацыі для беларусаў унутры краіны У Беларусі

Беларусы Замежжа ##Царква #Царква
«Раёнка»: бясплатныя медыцынскія кансультацыі для беларусаў унутры краіны

У Беларусі стартуе пілотная праграма «Раёнка» — бясплатныя і ананімныя анлайн-кансультацыі беларускіх урачоў для людзей, якім цяжка атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу.

Для каго створана праграма?

«Раёнка» прызначана для жыхароў Беларусі, якія сутыкаюцца з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў атрыманні медыцынскай дапамогі або не могуць бяспечна звярнуцца ў дзяржаўныя медыцынскія ўстановы.

У першую чаргу гэта:

жыхары вёсак і малых гарадоў, дзе не хапае медыцынскіх спецыялістаў;
людзі, якія не маюць магчымасці аплаціць прыватную медыцыну;
бацькі-адзіночкі і людзі з інваліднасцю;
людзі, якія перажылі гвалт або рэпрэсіі, у тым ліку былыя палітзняволеныя і члены іх сем’яў;
прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці і іншых уразлівых груп.

Як будуць праходзіць кансультацыі?

Пацыенты змогуць атрымаць кансультацыю ўрача ў фармаце анлайн-чату або аўдыязванка праз зашыфраваныя каналы сувязі.

Кансультацыі будуць ананімнымі: лекар не будзе ведаць імя пацыента, а пацыент — імя лекара.

Беларусы дапамагаюць беларусам

У аснове «Раёнкі» — прынцып салідарнасці. Беларусы за мяжой сваімі ахвяраваннямі аплачваюць медыцынскія кансультацыі для суайчыннікаў унутры краіны. Для пацыентаў дапамога цалкам бясплатная.

Якія мэты пілотнага запуску?

За тры месяцы арганізатары плануюць сабраць 3 000 еўра і забяспечыць 100 медыцынскіх кансультацый. Вынікі пілотнага этапу дапамогуць ацаніць запатрабаванасць праграмы і прыняць рашэнне аб яе паўнавартасным запуску.

Хто рэалізуе праграму?

«Раёнка» — сумесная ініцыятыва платформы «Тры Сланы», Фонду медыцынскай салідарнасці ByMedSol, платформы OkDoc і Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Як далучыцца да праграмы?

Калі вы жывяце ў Беларусі і сутыкаецеся з цяжкасцямі ў атрыманні медыцынскай дапамогі, вы можаце падаць заяўку на ўдзел у праграме.

Калі вы жывяце за мяжой, вы можаце падтрымаць «Раёнку» ахвяраваннем праз спецыяльны віджэт на платформе «Тры Сланы». Ваш унёсак дапаможа аплаціць медыцынскія кансультацыі для людзей у Беларусі.

Кантакт для сувязі: [email protected]