У Ерэване адбылася акцыя памяці «Ноч расстраляных паэтаў»29 кастрычніка Звяз беларусаў Арменіі «Бел…

Беларусы Замежжа

У Ерэване адбылася акцыя памяці «Ноч расстраляных паэтаў»

29 кастрычніка Звяз беларусаў Арменіі «Беларусы АМ» правёў акцыю памяці ахвяраў рэпрэсій. Нягледзячы на дождж, мы сабраліся каля помніка Егiшэ Чарэнцу ў Ерэване, каб ушанаваць памяць беларускіх паэтаў і дзеячаў культуры, расстраляных савецкім рэжымам.

Падчас акцыі ўдзельнікі чыталі вершы Валерыя Маракова, Юркі Лявоннага і Алеся Дудара, а таксама ўсклалі кветкі да помніка.

Першы прамоўца падкрэсліў важнасць ушанавання памяці тых, хто паверыў у магчымасць будаваць беларускае нацыянальнае жыццё ў Савецкай дзяржаве, але ў выніку быў знішчаны рэжымам, калі перастаў быць яму патрэбным. Усе творы рэпрэсаваных, да якіх удалося дабрацца ўладам, былі знішчаныя. Прамоўца правёў паралель з сучаснай Беларуссю, дзе зноў адбываецца выцясненне значнай часткі інтэлектуалаў беларускай грамадзянскай нацыі, хоць пакуль і без расстрэлаў. Ён звязаў паўтарэнне гэтых працэсаў з тым, што камунізм так і не быў асуджаны як злачынства.

Другі прамоўца падкрэсліў, што беларускае нацыянальнае адраджэнне 1920-х гадоў было чырвоным, сацыялістычным і дэмакратычным. Маладыя паэты імкнуліся паяднаць сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, змагаліся за справядлівасць і вызваленне прыгнечанага народу. Ён адзначыў, што барацьба за вольную Беларусь з самага пачатку была цесна звязаная з левай, традыцыяй. Беларусізацыя 1920-х гадоў застаецца адной з найважнейшых старонак беларускай гісторыі, а яе досвед можа служыць прыкладам для сучаснай барацьбы за стварэнне беларускай лева-дэмакратычнай і прагрэсіўнай партыі.

Напрыканцы да нас далучыліся іранскія сябры, якія змагаюцца супраць фашысцкага рэжыму аятолаў. Яны прынеслі плакат салідарнасці з беларускім народам і таксама ўсклалі кветкі да помніка.

Мы шчыра ўдзячныя нашым іранскім сябрам за салідарнасць і падтрымку. Наша супольная барацьба супраць рэпрэсій і аўтарытарызму паказвае, наколькі моцнымі могуць быць сувязі паміж народамі, якія імкнуцца да свабоды і справядлівасці.
Памятаем забітых. Захоўваем іх слова. Працягваем барацьбу за свабоду і годнасць!

#НочРасстраляныхПаэтаў #БеларусыАМ #Беларусь #Ерэван #Салідарнасць