«Усе асобы, згаданыя ў нашай камунікацыі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, патрапілі пад абмежав…

«Усе асобы, згаданыя ў нашай камунікацыі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, патрапілі пад абмежаванні»

Намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка – пра новыя санкцыі ЕС і ЗША:

«Рада ЕС ухваліла 13-ты пакет санкцый супраць Расіі, у які патрапілі фізічныя і юрыдычныя асобы з Беларусі.

На падставе матэрыялаў НАУ аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей санкцыі накладзены на генсакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, прарэжымных актывістаў Аляксея Талая, Вольгу Волкаву, старшыню Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыя Дзямідава.

Новыя абмежаванні ў асноўным дзейнічаюць супраць ваеннай прамысловасці Расіі. І для гэтага мы накіроўвалі еўрапейскім партнёрам спіс прадпрыемстваў ВПК Беларусі, якія працуюць для патрэб расійскай арміі. І ў выніку пад санкцыі патрапіў, напрыклад, Аршанскі авіярамонтны завод.

На жаль, 13-ты пакет не ўключае істотных сектаральных санкцый, якія маглі б мець найбольшую эфектыўнасць. Мы неаднаразова інфармавалі партнёраў аб неабходнасці гарманізацыі гандлёвых санкцый супраць рэжымаў у Расіі і Беларусі, бо існуючыя шчыліны ўсё яшчэ дазваляюць ім ухіляцца ад прынятых мер.

У сувязі з працягам вайны Расіі супраць Украіны і смерцю Аляксея Навальнага новыя санкцыі ўвялі і ЗША.

Пад іх патрапілі ўсё той жа Аляксей Талай, а таксама авіяцыйны рамонтны завод з Баранавіч і яго кіраўнік Павел Пінігін – за садзейнічанне расійскаму ВПК. Санкцыі ўвялі і супраць пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова і дзяржсакратара так званай Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава.

Адзначу: усе асобы, згаданыя ў нашай камунікацыі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе па справе незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, патрапілі пад абмежаванні ЕС і ЗША.

Самога Лукашэнкі ў спісе няма таму, што для яго рыхтуецца нешта большае. Увядзенне санкцый фактычна фіксуе незаконнасць перамяшчэння дзяцей з тэрыторый Украіны – і мы працягваем дабівацца ордара на арышт Лукашэнкі.

Дзякуем партнёрам за ўведзеныя абмежаванні і заклікаем да яшчэ больш рашучых дзеянняў».

@CabinetBelarus