Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з нагоды «выбараў» у Рэспубліцы Беларусь25 лютага ў Беларусі …

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з нагоды «выбараў» у Рэспубліцы Беларусь

25 лютага ў Беларусі прайшлі «бязвыбары» ў так званыя парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў.

«Выбарчая кампанія» характарызавалася не проста адсутнасцю адкрытай дыскусіі, канкурэнтнай барацьбы, але і стварэннем атмасферы татальнага кантролю і запалохвання грамадства.

Напярэдадні «бязвыбараў» ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзілі масавыя затрыманні не толькі актывістаў, але і простых грамадзян.

«Выбарчы працэс» адбываўся пры адсутнасці незалежных назіральнікаў, у атмасферы страху, пад пагрозамі прымянення гвалту, аж да выкарыстання агнястрэльнай зброі з боку сілавога апарату.

Нелегітымнымі ўладамі было арганізавана датэрміновае галасаванне на «выбарах», якое характарызавалася як прымусам да галасавання, так і фальсіфікацыяй яўкі, чаму ёсць шматлікія сведчанні. Спісы «дэпутатаў», якія падлягаюць прызначэнню, былі ўзгодненыя загадзя адміністрацыяй Лукашэнкі.

На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца больш за 1600 палітычных зняволеных, ліквідаваны ўсе апазіцыйныя партыі, а таксама больш за 1500 НДА, закрыты і прызнаны экстрэмісцкімі ўсе незалежныя СМІ. Таму тое, што адбывалася ў Беларусі 25 лютага, нельга называць выбарамі.

Беларускае грамадства адрэагавала на гэта ў большасці сваёй ігнараваннем гэтых «бязвыбараў», пра што ёсць шмат сведчанняў ад актывістаў з Беларусі.

Мы заклікаем дэмакратычныя краіны свету і міжнародныя арганізацыі не прызнаваць гэты фарс пад назвай «адзіны дзень галасавання» і не прызнаваць легітымнасць інстытутаў, створаных рэжымам па яго выніках.

@CabinetBelarus