Чарнобыльскі Шлях у Беластоку. 40 гадоў памяці і адказнасці26 красавіка ў Беластоку прайшла акцыя «Ч…

Чарнобыльскі Шлях у Беластоку. 40 гадоў памяці і адказнасці

26 красавіка ў Беластоку прайшла акцыя «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваная да 40-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Беларусы дыяспары і неабыякавыя жыхары горада сабраліся ў скверы Вольнай Беларусі каля Консульства Рэспублікі Беларусь, каб ушанаваць памяць ахвяраў і нагадаць: Чарнобыль — гэта рана, якая ўсё яшчэ балiць.

Беларусь стала адной з найбольш пацярпелых краін ад катастрофы 1986 года. Радыяцыя закранула лёсы мільёнаў людзей, тысячы населеных пунктаў апынуліся ў зоне забруджвання. Але Чарнобыль — гэта не толькі пра радыяцыю. Гэта таксама пра хлусню і замоўчванне, калі людзей не папярэдзілі пра небяспеку.

Падчас акцыі выступалі беларусы — сведкі падзей тых гадоў. Яны казалі пра маштабы трагедыі, пра наступствы для здароўя, пра праблемы людзей, якія дагэтуль жывуць з наступствамі радыяцыі. Гучалі словы пра тое, што памяць пра Чарнобыль — частка генетычнага коду беларусаў, і пра тое, як важна расказваць пра гэта новым пакаленням.

Удзельнікі таксама выказалі грамадзянскую пазіцыю супраць сучасных ядзерных пагроз. Прагучалі заклікі не дапусціць новых рызык:
Не — новай АЭС у Беларусі,
Не— расійскай ядзернай зброі на беларускай зямлі.

Пад снегам і ветрам гучалі словы салідарнасці з Украінай, словы падтрымкі беларускім палітвязням і вера ў сілу беларускай дыяспары.

Чарнобыль навучыў нас: хлусня забівае, маўчанне забівае, бяздзейнасць забівае.
Таму мы памятаем. І гаворым.

Не — новаму Чарнобылю.
Не — ядзернай зброі ў Беларусі.
За незалежную бяз’ядзерную Беларусь.

Жыве Беларусь!

Беларусы Замежжа | Даслаць навіну