Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні сабрала базу арганізацый, якім беларусы могуць накіраваць …
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі абвясціла пра запуск новай базы беларускіх арганізацый і ініцыятываў, якім можна пералічыць частку ўжо выплачанага падаходнага падатку праз адпаведныя механізмы ў еўрапейскіх краінах.
У спіс увайшлі некамэрцыйныя структуры, зарэгістраваныя ў Польшчы, Літве, Эстоніі і Італіі — ад культурных і асветніцкіх праектаў да сацыяльных, праваабарончых і медыйных ініцыятываў, якія працягваюць працу дзеля падтрымкі беларускай супольнасці за мяжой.
Паводле аўтараў праекта, такі інструмент дазваляе беларусам непасрэдна ўплываць на развіццё значных для дыяспары і краіны ініцыятываў. Гаворка ідзе не пра дадатковыя выплаты: гэта сродкі, якія і так паступаюць у бюджэт, але цяпер іх можна адрасна накіроўваць тым, хто вядзе важную працу.
Адзначаецца, што нават невялікія сумы могуць стаць крытычнымі для многіх арганізацый — дапамагчы аплаціць арэнду, утрымаць каманду, правесці мерапрыемствы, падтрымаць людзей у складаных сітуацыях або запускаць новыя праекты, якія ўмацоўваюць беларускую прысутнасць у Еўропе.
Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета, падкрэсліў значэнне новага інструмента падтрымкі:
«Гэта не проста тэхнічная магчымасць — гэта механізм салідарнасці, які дазваляе кожнаму беларусу ўнесці свой унёсак у агульную справу. Адраснае накіраванне часткі падатку — гэта спосаб падтрымліваць тыя арганізацыі, што робяць рэальныя справы і захоўваюць беларускі голас у Еўропе. Мы заклікаем карыстацца гэтай магчымасцю і падтрымліваць праекты, якія вам сапраўды важныя».
АПК заклікае беларусаў за мяжой правяраць свае падатковыя механізмы ў краінах пражывання і карыстацца магчымасцю падтрымліваць важныя ініцыятывы. Адпаведная інфармацыя — у далучаным файле.