Павел Латушка звярнуўся да прадстаўнікоў Еўракамісіі па праблеме блакавання беларусам доступа да бан…

Павел Латушка звярнуўся да прадстаўнікоў Еўракамісіі па праблеме блакавання беларусам доступа да банкаўскіх паслуг

3 лютага намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка паўторна накіраваў зварот старшыні Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF) Яцаку Ястшэмбскаму з просьбай пра магчымую рэакцыю на сітуацыю з праблемнымі пытаннямі адкрыцця банкаўскіх рахункаў грамадзянам Беларусі, якія пражываюць у Польшчы.

Павел Латушка праінфармаваў кіраўніцтва KNF, што, нягледзячы на раней дадзеныя тлумачэнні (ліст KNF ад 26 студзеня 2026 г.), па інфармацыі, атрыманай ад грамадзян Беларусі, Millennium Bank працягвае адмаўляць беларусам у адкрыцці рахункаў на падставе часовага пасведчання асобы іншаземца (TZTC). У лісце прыведзены канкрэтныя аддзяленні банка, у якіх мелі месца выпадкі адмовы ў адкрыцці рахункаў. Такая практыка мае месца і ў іншых банках.

Адначасова шэраг банкаў (у тым ліку PKO Bank Polski) з кастрычніка 2025 года блакіруюць доступ да электроннага і мабільнага банкінгу, карт і анлайн-плацяжоў для грамадзян Беларусі, якія легальна знаходзяцца ў ЕС, што фактычна абмяжоўвае іх магчымасці распараджацца ўласнымі сродкамі, заробкамі і стыпендыямі.

У звароце падкрэсліваецца, што такія меры не прадугледжаны санкцыйным заканадаўствам ЕС і з’яўляюцца over-compliance. Павел Латушка звярнуўся ў KNF з просьбай правесці дадатковую камунікацыю з банкаўскімі ўстановамі і даць магчымыя тлумачэнні з мэтай прадастаўлення доступу беларусаў да фінансавых паслуг. Да ліста далучана падрабязнае юрыдычнае заключэнне з прававым аналізам і прапановамі па вырашэнні сітуацыі.

Таксама праблема адкрыцця рахункаў была агучана 3 лютага ў Варшаве падчас сустрэчы Паўла Латушкі з прадстаўнікамі Еўракамісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. У ходзе сустрэчы Павел Латушка перадаў зварот у адрас Генеральнага дырэктарата па фінансавай стабільнасці, фінансавых паслугах і саюзе рынкаў капіталу Еўракамісіі (FISMA) з просьбай даць тлумачэнні для еўрапейскіх фінансавых устаноў адносна апошняга пакета санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

У лісце падкрэсліваецца, што новыя абмежаванні былі накіраваны супраць рэжыму Лукашэнкі і звязаных з ім структур (Рэспубліка Беларусь, яе ўрад, дзяржаўныя органы і ўстановы, асобы, якія дзейнічаюць ад імя або па запыце вышэйзгаданых суб’ектаў), аднак на практыцы некаторыя банкі ў ЕС трактуюць іх занадта шырока і блакіруюць прыватным асобам доступ да электроннага і мабільнага банкінгу, плацежным картам і ўласным сродкам.

У выніку беларусы, не звязаныя з рэжымам, якія чакаюць легалізацыі, легальна працуюць або навучаюцца ў ЕС, пазбаўляюцца базавых фінансавых паслуг і магчымасці карыстацца заробкамі і стыпендыямі. У сувязі з гэтым было прапанавана выпусціць тлумачэнне або, пры неабходнасці, унесці кропкавыя змены ў рэгламент ЕС, каб гарантаваць доступ да рознічных банкаўскіх паслуг грамадзянам Беларусі.

@CabinetBelarus