Эміграцыя не маўчыць: беларусы патрабуюць свабоды і справядлівасці26 студзеня ў памяшканні беларуска…

Эміграцыя не маўчыць: беларусы патрабуюць свабоды і справядлівасці

26 студзеня ў памяшканні беларускага цэнтру ў Філадэльфіі адбылася акцыя супраць бязвыбараў у Беларусі, якую зладзiла беларуская суполка Belarus Freedom – Philadelphia, сябра АБА, пры ўдзеле BELARUS TOGETHER.

“Шмат беларусаў застаюцца неабыякавымі, і сённяшняя падзея – знакавая.
Кожны беларус хоча зрабіць нешта значнае, але магчымасці абмежаваныя. Таму прыйсці на такую акцыю і адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю – гэта тое малое, што можа зрабіць кожны» – паведаміў Сяргей Шалыга.

У невялікім офісе з пяццю пакоямі амаль не было вольнага месца — памяшканне было запоўнена людзьмі. Арганізатары аформілі адзін са сталоў у стылі выбарчай камісіі, дзе кожны мог “зарэгістравацца” і атрымаць бюлетэнь без выбару — з адным “кандыдатам”, хоць і напісаным праз тры імёны.

“Людзей сюды прывяла неабыякавасць — да падзей у краіне, да тэрору, які адбываецца. Паказальна, што ў беларускім інфармацыйным полі пануе цішыня. Гэта сведчыць, што рэжыму ўдалося зачысціць прастору так, каб ні адзін беларус не змог адкрыта выказацца.
Большасць беларусаў у Філадэльфіі прыехалі пасля 2020 года. У іх баліць, ім важна, і яны хочуць паказаць сваякам, сябрам, знаёмым, што ім не ўсё роўна. Мы па-ранейшаму перажываем за сваю краіну і будзем працягваць барацьбу, ” – распавёў Глеб Івашкевіч.

Падчас мерапрыемства удзельнікі і ўдзельніцы выказалі сваю пазіцыю і прадэманстравалі, што сапраўды варта рабіць з бюлетэнямі: не мае значэння, дзе паставіць птушачку — галоўнае апусціць паперу ў шрэдар.

Беларусы, незалежна ад геаграфіі, працягваюць змагацца за свабоду і дэмакратыю.

Крыніца: bielarus.info

#бязвыбары2025

Беларусы Замежжа | Даслаць навіну