У адрас урада Канады перададзеныя чарговыя санкцыйныя прапановы, падрыхтаваныя з мэтай узмацнення ціску і адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за парушэнне нормаў міжнароднага права.
Да цяперашняга часу ўрад Канады прыняў 14 санкцыйных пакетаў у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб рэжыму Лукашэнкі, што па колькасці пакетаў з’яўляецца адным з найбольшых паказчыкаў сярод краін-партнёраў дэмакратычнай Беларусі. Новыя прапановы накіраваныя ў развіццё дамоўленасцяў падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Канаду 14-15 красавіка 2024 года.
Мы накіравалі для ўвядзення санкцый спісы з «суддзяў» і прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі з адпаведнымі абгрунтаваннямі і персанальнымі звесткамі прыслужнікаў рэжыму, а таксама пералік арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і спрыяюць ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у тым ліку шэраг прадпрыемстваў ВПК і прапагандысцкіх рэсурсаў.
У прыватнасці, у перададзеным намі канадскаму боку спісе з 39 «суддзяў» рэжыму, ёсць такія адыёзныя персоны як:
– суддзя гомельскага суда Анатоль Сотнікаў, які асудзіў больш за 20 палітвязняў, у тым ліку прысудзіў велізарныя тэрміны пазбаўлення волі беларускім партызанам, якія спынялі рух цягнікоў агрэсара ў бок Украіны ў пачатку ўварвання расійскіх войскаў;
– на працяглыя тэрміны зняволення беларускіх партызан асудзіў і магілёўскі суддзя Ігар Шведаў, а таксама адправіў на 6 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму журналіста-фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка;
– суддзя суда Маскоўскага раёна г. Брэста Яўген Брэган адправіў у засценкі больш за 20 палітвязняў, у тым ліку вынес прысуд маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліне Шарэнда-Панасюк;
– суддзя Ленінскага раённага суда г. Мінска Таццяна Шоцік, якая асудзіла 15 палітвязняў, у тым ліку на яе сумленні прысуд у дачыненні да загінулага ў зняволенні Ігара Ледніка;
– суддзя Ленінскага раённага суда г. Мінска Юлія Шут, якая незаконна асудзіла прынамсі 10 палітвязняў;
– суддзя Жлобінскага раённага суда Ірына Прадун, якая незаконна асудзіла 10 палітвязняў, у тым ліку 24-гадовага Дзмітрыя Гопту, які мае асаблівасці развіцця;
а таксама іншыя «рэкардсмены» па прысудах палітвязням, якія прадстаўляюць так званы судовы корпус дыктатара Лукашэнкі.
Абгрунтаванні прыняцця санкцый у дачыненні да дадзеных «суддзяў», а таксама 26 прапагандыстаў рэжыму раней былі перададзеныя кампетэнтным органам ЕС, для ўключэння іх у санкцыйны пералік Еўрасаюза.
Мы ўдзячныя ўраду Канады за сістэмную і паслядоўную палітыку ў пытанні санкцыйнага ціску і прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за ўчыненыя злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы і іншыя парушэнні нормаў міжнароднага права.