Зварот прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вадз…

Зварот прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вадзіма Кабанчука да беларускіх вайскоўцаў з нагоды значнага павышэння рызыкі іх уцягвання ў вайну Расіі супраць Украіны

«Ідзе трэці тыдзень, як УСУ ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці і працягваюць наступ, на шляху беручы пад кантроль дзясяткі населеных пунктаў і сотні квадратных кіламетраў тэрыторыі РФ.

Рашучыя і паспяховыя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў і відавочная разгубленасць і няздольнасць расійскага дыктатара Пуціна даць на іх адэкватны адказ прымушаюць і яго хаўрусніка Лукашэнку прымаць ліхаманкавыя рашэнні і манеўраваць паміж кепскімі і вельмі кепскімі рашэннямі. 

Зараз мы правяраем інфармацыю, якая пакажа, ці задзейнічаныя пэўныя сілы з боку афіцыйнага Мінска ў Курскай вобласці. Але і без таго зразумела, што рызыка прамога ўцягвання беларускіх вайскоўцаў у вайну як ніколі высокая.

У сувязі з гэтым я звяртаюся да салдат і прапаршчыкаў, малодшых і старшых афіцэраў, якія служаць рэжыму ў Беларусі:

1. Памятайце, любы загад прыняць удзел у баявых дзеяннях супраць Украіны будзе злачынным. 

2. Прыміце ўсе меры, каб не выканаць яго, бяспечным для сябе чынам. Ваша тэхніка можа сапсавацца ў самы апошні момант, а здароўе – падвесці. 

3. Калі вы ўсё ж патрапіце ў зону баявых дзеянняў –  прыміце меры, каб як найхутчэй выйсці на камандаванне УСУ для абмеркавання ўмоў па тэхнічнай здачы ў палон. Больш за тое, вы можаце перайсці на бок Украіны і ўвайсці ў шэрагі добраахвотнікаў, каб змагацца і за свабоду Украіны, і за свабоду Беларусі.

Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала за законапраект, які дазволіць добраахвотнікам-замежнікам спрасціць працэдуру атрымання ўкраінскага грамадзянства, дазволу на эміграцыю і пасведчання на часовае пражыванне ва Украіне.

Не рабіце памылку, не ўступайце ў вайну на баку Расіі і яе беларускай марыянеткі!

Жыве Беларусь! Слава Україні!».

@CabinetBelarus
Зварот да беларускіх вайскоўцаў — Вадзім Кабанчук