Амаль паўгоду беларусы смела і настойліва змагаюцца за дэмакратыю і свабоду, нягледзячы на беззаконне рэжыму. Увесь свет са жніўня пільна сочыць за падзеямі ў нашай краіне.
Каб падтрымаць беларусаў, якія штодня выходзяць на мірныя пратэсты, і падзякаваць ім за адвагу і цвёрдую волю, я абвяшчаю нядзелю 7 лютага Міжнародным днём салідарнасці з Беларуссю. У гэты дзень мы адзначым 6 месяцаў ад дня выбараў, калі Беларусь стала іншай.
Я заклікаю міжнародных лідараў, актывістаў, беларусаў, якія жывуць у розных кутках свету, і ўсіх сяброў Беларусі праявіць салідарнасць з намі. Вы можаце арганізаваць мерапрыемствы і акцыі, рабіць публікацыі і заявы ў падтрымку Беларусі, падсвятліць будынкі сваіх гарадоў у беларускія нацыянальныя бела-чырвона-белыя колеры, пісаць лісты палітвязням і рабіць публікацыі ў сацыяльных сетках.
А 6 лютага вы можаце далучыцца да Канферэнцыі Салідарнасці з народам Беларусі, арганізаванай «Беларусамі Замежжа». Удзельнікамі анлайн-мерапрыемства стануць палітыкі і дзяржаўныя дзеячы з усяго свету, а таксама прадстаўнікі дыяспары. Міжнародны дзень салідарнасці і канферэнцыя дапамогуць падтрымаць беларусаў у мірнай барацьбе за свае правы і справядлівасць. Мы чакаем усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі.
6 лютага з 18:00 па мінскім часе пройдзе Канферэнцыя салідарнасці з народам Беларусі ў Zoom і на Youtube-канале ініцыятывы «Беларусы Замежжа».