Народная амбасада ў ЧарнагорыіНеўзабаве запрацуе Народная амбасада ў Чарнагорыі — установу афіцыйна …

Народная амбасада ў Чарнагорыі

Неўзабаве запрацуе Народная амбасада ў Чарнагорыі — установу афіцыйна прадставяць 6 лютага падчас вялікай канферэнцыі салідарнасці (трансляцыю можна будзе паглядзець анлайн па спасылцы, пачатак у 18:00 па мінскім часе). Цікава, што народная амбасада з’явіцца ў краіне, дзе няма афіцыйнага дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі — самае блізкае знаходзіцца ў Сербіі.

Летам мінулага года ў Чарнагорыю пачало прыязджаць усё больш беларусаў, якія пакідалі краіну па палітычных прычынах і патрабавалі дапамогі ў сацыялізацыі на новым месцы. Ініцыятыва па стварэнні Народных Амбасадаў дала нашым суайчыннікам магчымасць аказаць такую дапамогу і паўдзельнічаць у дэмакратычных зменах на радзіме.

Чарнагорская дыяспара ўжо правяла дзе выстаўкі, прысвечаныя беларускім пратэстам (іх арганізоўваў расійскі галерыст і калекцыянер Марат Гельмен), а такасама падала заяву на правядзенне вулічнай выстаўкі беларускіх мастакоў.

«Нам вельмі б хацелася, каб у Новай Беларусі ўрад змог дамовіцца пра бязвізавы рэжым з ЕС, а таксама нарэшце ўвеў дакументы міжнароднага фармату: біяметрычны пашпарт і ідэнтыфікацыйную картку, — кажуць прадстаўнікі дыяспары. — Яшчэ адзін важны момант датычыць змянення працэдуры галасавання на выбарах: мы хочам, каб на ўсіх этапах працэс быў празрысты і адкрыты, на выбарах працавалі міжнародныя назіральнікі, а пасля завяршэння можна было пазнаёміцца з вынікамі па кожным участку. Спадаемся, што хутка ў Беларусі, як і ў Чарнагорыі, можна будзе бяспечна хадзіць па вуліцах, а паліцыя будзе абараняць нас ад злачынцаў, а не ваяваць з уласным народам».

#StandWithBelarus