Народнае пасольства Беларусі ў Нідэрландах пачынае сваю працу. Афіцыйнае прадстаўленне ўстановы адбу…

Народнае пасольства Беларусі ў Нідэрландах пачынае сваю працу. Афіцыйнае прадстаўленне ўстановы адбудзецца на Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі 6 лютага.

Беларуская дыяспара ў Нідэрландах налічвае каля 600 чалавек. Цікава, што мясцовая супольнасць вяла агульную працу і да падзей лета 2020 года — яшчэ 10 гадоў таму была створана грамадская арганізацыя Open Belarus! для папулярызацыі беларускай культуры ў Нідэрландах і падтрымкі кантактаў паміж краінамі. Так, беларусы галандзіі праводзілі культурныя мерапрыемствы і лекцыі як для галандцаў, так і для сваіх суайчыннікаў.

З пачатку лета дыяспара правяла 43 вулічныя акцыі салідарнасці з народам Беларусі. Самыя масавыя прайшлі ў Гаазе і сабралі па некалькі соцень ўдзельнікаў. Некаторыя дэманстрацыі былі прысвечаны акутальным падзеям: абмеркаванню беларускага пытання ў парламенце Нідэрландаў, прыезду Святланы Ціханоўскай.

Акрамя правядзення акцый, дыяспара стварыла 13 рабочых груп па розных пытаннях: працы з галандскімі медыя і палітыкамі (для рэгулярнага распаўсюджвання інфармацыі пра падзеі ў Беларусі), універсітэтамі, па падрыхтоўцы беларускай школы, па дапамозе медыкам і бежанцам. У лістападзе і снежні арт-каманда правяла выставу пратэснага мастацтва ў Амстэрдаме і Утрэхце. Група падтрымкі некалькі разоў збірала і перадавала грошы пацярпелым у Беларусь, а да Калядаў падрыхтавала падарункі бежанцам з Беларусі. Зараз Нідэрландская дыяспара падтрымлівае беларускія музыкальныя праекты: прайшоў live-канцэрт Tor Band, запланавана яшчэ некалькі выступленняў.

«Мы верым, што свабодныя і незалежныя прадстаўніцтвы беларусаў па ўсім свеце з’яўляюцца важным інстытутам беларускай дыяспары, які мусіць зрабіцца адлюстраваннем яе сапраўдных інтарэсаў. Лічым, што ў сучаснай сітуацыі, афіцыйныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы, прызначаныя нелегітымным рэжымам, не павінны атрымаць падтрымку сумленных беларусаў замежжа», — кажуць прадстаўнікі дыяспары.

Паўдзельнічаць у Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі можа кожны — прамая трансляцыя пачнецца 6 лютага ў 18:00 па мінскім часе на YouTube-канале «Беларусаў Замежжа».

#StandWithBelarus