Ужо ў гэту суботу пройдзе вялікая Канферэнцыя салідарнасці з народам Беларусі, падчас якой прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці абмяркуюць план далейшых дзеянняў. Мерапрыемства завершыцца канцэртам «Жыве Беларусь!», які будзе ўяўляць сабой падборку кліпаў на песні пратэсту і салідарнасці аўтарства вядомых беларускіх выканаўцаў. Гэта тыя самыя песні, якія апошнія паўгады спявала ўся краіна — і працягвае спяваць дагэтуль: на акцыях пратэсту, дваравых сустрэчах, на кухнях і нават у турмах.
Усе артысты, творы якіх прагучаць на канцэрце, дапамагалі нам змагацца за дэмакратычныя перамены: выказваліся ў медыя, выступалі на мітынгах і дваравых сустрэчах. Частка з іх паспела пабываць у турме, частка — была вымушана з’ехаць з краіны. Але іх песні сталі сімвалам змагання за нашу свабоду.
Прамая трансляцыя Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі пачнецца 6 лютага ў 18:00 па мінскім часе на YouTube-канале «Беларусаў Замежжа», пачатак канцэрту — у 22:30.
А якія песні хацелі б пачуць вы? Пішыце ў каментарыях.