Намесніца дырэктара Генеральнага дырэктарату Еўрапейскай камісіі па расшырэнні і добрасуседстве Катарына Матэрнава паўдзельнічае ў дыскусіі, якая адбудзецца падчас Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі 6 лютага. Галоўным пытаннем дыскусіі стане тое, як свет можа дапамагчы Беларусі ў змаганні за дэмакратычныя перамены.
Еўрапейская камісія — гэта галоўны выканаўчы орган ЕС (аналаг Савета міністраў). Прадстаўніца Славакіі Катарына Матэрнава займае пасаду намесніцы дырэктара Генеральнага дырэктарату па расшырэнні і добрасуседстве з 2015 года. Да гэтага палітык працавала ў Генеральным дырэктараце рэгіянальнай і горадабудаўнічай палітыкі, а да прыходу ў Еўракамісію — ва урадзе Славакіі, Сусветным Банку і прыватных установах.
Паўдзельнічаць у Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі можа кожны — прамая трансляцыя пачнецца 6 лютага ў 18:00 па мінскім часе на YouTube-канале «Беларусаў Замежжа».