Народнае пасольства ў ЛюксембургуПачынае працу новае Народнае пасольства ў Люксембургу — установу аф…

Народнае пасольства ў Люксембургу

Пачынае працу новае Народнае пасольства ў Люксембургу — установу афіцыйна прадставяць падчас Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі 6 лютага. Гэта яшчэ адна краіна, дзе няма афіцыйнага дыпламатычнага прадстаўніцтва нашай краіны, але цяпер з’явіцца альтэрнатыўнае.

Пасля 9 жніўня беларуская дыяспара ў Люксембургу аб’ядналася з мэтай правесці ў роднай краіне дэмакратычныя перамены. Кожную нядзелю мясцовыя беларусы выходзілі на акцыі салідарнасці, давалі інтэрв’ю мясцовым медыя і апавядалі грамадству пра падзеі ў Беларусі. Мясцовыя прадстаўнікі Еўрапарламента арганізавалі шоў у прамым эфіры з нагоды ўручэння беларусам узнагароды імя Сахарава. Падчас штогадовага фестывалю CineEast прадэманстравалі фільм Дар’і Жук «Крышталь».

«Мы верым, што Беларусь, беручы пад увагу яе разумных, добрых і працавітых людзей і геаграфічнае палажэнне можа стаць такой краінай, як Люксембург — сучаснай, дынамічнай, з хуткім развіццём эканомікі, але усё яшчэ «зялёнай» і прыязнай да экалогіі. Краінай, у якой кожны хацеў бы жыць» — кажуць прадстаўнікі дыяспары. — «Мы лічым, што з’яўленне Народнага пасольсва ў Люксембургу не менш важнае за з’яўленне такіх устаноў у суседніх з Беларуссю краінах. Цяпер у герцагстве нямала беларусаў, якія просяць прытулку з палітычных і іншых прычын».

Паўдзельнічаць у Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі можа кожны — прамая трансляцыя пачнецца 6 лютага ў 18:00 па мінскім часе на YouTube-канале «Беларусаў Замежжа».

#StandWithBelarus