Беларусы свету! Супольнасць Беларусы Замежжа і Народныя Амбасады Беларусі асуджаюць вераломнае ўва…

Беларусы свету!

Супольнасць Беларусы Замежжа і Народныя Амбасады Беларусі асуджаюць вераломнае ўварванне расейскіх войскаў на зямлю Ўкраіны, гэтае жахлівае злачынства, учыненае сумесна звар’яцелымі аўтарытарнымі рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі.

Нашыя думкі і салідарнасць з народам Украіны ў гэты час. Няма ніякага апраўдання цынічнай хлусні, гвалту і жорсткасці шалёных дыктатараў, ахвярамі якіх становяцца нявінныя людзі на ўкраінскай зямлі. Мы не сумняваемся ў тым, што ўсе вінаватыя ў гэтым страшным злачынстве панясуць заслужанае няўхільнае пакаранне.

Беларусы свету, дзе б вы ні былі, на нашай роднай зямлі ці далёка за яе межамі, устаньце побач з украінскім народам!

1⃣ Сёння аб’яднайцеся з беларусамі вашага горада і выходзьце да мясцовых адміністрацый з дэманстрацыяй вашай салідарнасці з Украінай!

2⃣ Сёння знайдзіце кантакты мясцовай украінскай супольнасці і патэлефануйце ці напішыце ім, выкажыце ім сваю падтрымку і прапануйце дапамогу!

3⃣ Звяжыцеся з мясцовымі камітэтамі па санкцыях супраць фізічных асоб і арганізацый, звязаных з парушэннем правоў чалавека (рухам Магніцкага), і прапануйце сваю дапамогу па ўключэнні ў санкцыйныя спісы злачынных чыноўнікаў і членаў іх сем’яў, якія валодаюць бізнесамі і маёмасцю ў вашай краіне!

4⃣ Звяжыцеся з іміграцыйнай службай краіны вашага пражывання і прасіце стварыць гуманітарны калідор для эвакуацыі тысячаў беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі ва Ўкраіну і не мелі магчымасці вярнуцца ў Беларусь ці застацца ў ахопленай вайной Украіне!

5⃣ Беларусы нашай Радзімы, ніякім чынам не ўдзельнічайце ў ганебнай агрэсіі, у якую ўцягнуў наш народ бездапаможны нелегітымны дыктатар Лукашэнка, які спрабуе зараз і нас запэцкаць крывёю братэрскага нам народу супраць нашай волі! Не падтрымлівайце акупацыйныя расейскія сілы, не давайце ім дапамогі, не страляйце ў братоў-украінцаў!

6⃣ Беларусы, якія служаць рэжыму, адмоўцеся ад удзелу ў гэтых злачынствах зараз, пакуль не позна! Звяжыцеся з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і заявіце аб тым, што не падтрымліваеце злачынны рэжым, які запляміў сябе яшчэ адным страшным злачынствам – саўдзелам у генацыдзе мірнага ўкраінскага народу!

У салідарнасці наша сіла! Слава Ўкраіне і Жыве Беларусь!

Беларусы Замежжа
Народныя Амбасады Беларусі

@belarusy_zarubezhja