Гэта быў не «галодны бунт», якіх у тыя гады было шмат на аскепках Расійскай імперыі. Гэта быў рух, у якім і сяляне, і інтэлігенцыя абаранялі ідэю існавання Беларусі. Людзі, якія нават не былі прафесійнымі ваеннымі, змагаліся супраць значна большага войска. Яны не мелі шматгадовай падрыхтоўкі – але мелі годнасць і мэту жыць у сваёй вольнай краіне, а не быць часткай чужой імперыі.
Прайшло сто гадоў – але гісторыя паўтараецца. І мы мусім ведаць урокі гісторыі, каб не хадзіць па коле войнаў і крызісаў. Зараз прапаганда намагаецца схаваць гэтую дату. Бо Слуцкі збройны чын даказвае, што нашая нацыя самастойная, што беларусы могуць бараніць сваю незалежнасць. Калі вы, як калісьці я, не ведалі пра Дзень Герояў, пачытайце пра яго і распавядзіце сваім сябрам.
Бо гэта гісторыя пра тое, як нашыя суайчыннікі ўзялі на сябе адказнасць за тое, каб не быць ахвярамі – і быць сапраўднымі абаронцамі».