КУТ унутраны, у пакоі — зь сярэдзіны. (Ёсьць страшная легенда: нібыта ў ім калісьці стаялі дужа крэатыўныя дзеці.) Пярэдні кут у традыцыйнай хаце — пачэснае месца. Таксама кажам — утульны куток, родны кут.
ВУГАЛ звонку, дзе сутыкаюцца два бакі аб’ёмнага прадмету. Вугал дому.
Кут і вугал розныя: сноўдацца з кута ў кут, але за вугламі абгаворваць (некага).
РОГ ня толькі ў каровы. Гэта і тое самае, што вугал будынку, а рог вуліцы — скрыжаваньне. Сустрэнемся на рагу. Яшчэ: Працёр акуляры ражком насоўкі.
І вершык для дзіцячай азбукі на „Р“:
Рох-рох, рох-рох! Завярнуў парсюк за рог. А на гэным на рагу Прадавалася рагу. Парсюку ж рагу ня далі, Бо ня стаў ён у чаргу! (Сяржук Сокалаў-Воюш)