​Зрабіце ўсё, каб засцерагчы вас і вашых блізкіхСвятлана Ціханоўская: «Усё гэта не магло прысніцца н…

Зрабіце ўсё, каб засцерагчы вас і вашых блізкіх

Святлана Ціханоўская: «Усё гэта не магло прысніцца нам нават у страшным сне. І ўсё ж гэта здарылася. Пратэсты, рэпрэсіі, збіцці, крызіс, вайна. Мы не маглі прадбачыць гэтыя падзеі, але навучыліся дзейнічаць у самых складаных сітуацыях. Яны навучылі нас рыхтавацца да горшага, і заўсёды клапаціцца пра блізкіх і тых, хто пацярпеў. Мы ўбачылі, што шукаць логіку і пралічваць наступныя крокі тыранаў — бессэнсоўна. Яны не кіруюцца логікай.

Таму сёння нам з вамі так важна паклапаціцца пра сябе і родных. Не дазваляць сабе лішняй панікі, а выдыхнуць, прымаць рашэнні спакойна. І калі ёсць нешта, што можна зрабіць, каб засцерагчы сябе, — лепей рабіць гэта загадзя.

Пагаварыце з роднымі і сябрамі, абмяркуйце план дзеянняў на выпадак небяспекі. Назапасьцеся наяўнымі грашыма, лепей у валюце, а яшчэ лепей — у розных валютах. Абмяркуйце з дзецьмі правілы паводзінаў у стрэсавых сітуацыях і базавую бяспеку, можна нават правесці невялікую трэніроўку ў гульнявой форме. Даведайцеся, ці ёсць у вашым раёне памяшканні, у якіх можна схавацца ў выпадку удараў з паветра, вызваліце іх ад лішніх рэчаў, пакіньце там мэблю і невялікі запас кансерваў. Праверце хатнюю аптэчку, калі трэба — папоўніце яе неабходнымі сродкамі: бінты, бандажы, сродкі індывідуальнай абароны, антысептыкі, антыбіётыкі, заспакаяльныя сродкі і таблеткі для абеззаражання вады, а таксама тыя лекі, якія вам патрэбныя.

Дарагія беларусы, зараз нам як ніколі важна захаваць сябе. Важна не дазваляць сабе застацца ў роспачы і прымусіць сябе адмовіцца ад страху, у які заганяе нас рэжым, а таксама думаць цвяроза. Але падрыхтавацца і скласці сабе план дзеянняў на выпадак надзвычайнага здарэння ніколі не будзе лішнім. Беражыце сябе і адно аднога».