Сёння, калі беларускія выдавецтвы і крамы ліквідуюцца, чытачы рэлакуюцца ў розныя краіны свету, ды выдаваць новыя кнігі становіцца ўсё складаней, вельмі важна шукаць новыя формы і фарматы, якія будуць спрыяць захаванню, развіццю і прасоўванню сучаснай беларускай культуры.
Ініцыятыва «Чытаем Беларускую», якая арыентуецца на прамоцыі і папулярызацыі беларускай літаратуры ды рэалізуе іншыя культурніцкія праекты, прапануе добры фармат, які дазваляе рэалізоўваць сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі. Фактычна спалучаюцца магчымасці літаратуры, тэатра і радыё, калі казаць у больш традыцыйных катэгорыях.
Як такое магчыма ў сучасным свеце? Што такое ўлада? На што яшчэ гатовы чалавек? Падобныя пытанні, як і самі падзеі апошніх гадоў у Беларусі намагаюцца пераасэнсаваць аўтары праекту “Малус” пры дапамозе мастацкіх апавяданняў.
Праект “Малус” з’явіўся летась і ўяўляе сабой падкаст, дзе кожны эпізод — гэта асобнае апавяданне, асобная нетрывіяльная і цікавая гісторыя. Аўтарам сцэнароў стаў беларускі пісьменнік Кірыл Стаселька, а сярод Купалаўцаў, якія агучылі эпізоды — Алег Гарбуз, Крысціна Дробыш, Міхась Зуй і Сяргей Чуб.
Першы выпуск новага сезону “Зорка, якая не ззяе”, ужо можна праслухаць на ўсіх асноўных пляцоўках: YouTube, Google Podcasts, Apple Podcasts, Яндэкс, Spotify, Аnchor, Сastbox, Amazon Music, Overcast, Pocket Casts, RadioPublic, Castro і Breaker.