Восьмага сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы. Жанчыны Беларусі, як і мужчыны, у 2020 годзе і па сённяшні дзень актыўна ўключыліся ў барацьбу за свабоду нашай краіны, за што падвяргаюцца рэпрэсіям.
Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды. Нагадваем пра магчымыя спосабы падтрымкі, каб не пакідаць палітзняволеных сам-насам з рэпрэсіямі.
Лісты салідарнасці — наймацнейшая падтрымка звонку. Таму працягвайце падпісваць паштоўкі і дасылаць лісты са словамі падтрымкі. Чым больш лістоў прыйдзе на імя палітзняволеных, тым больш шанцаў, што ён атрымае хоця б некалькі з іх. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці і письмо.бел
Заказныя лісты. Калі цэнзар не прапусціць вашу вестачку, то палітзняволеная ўсё роўна пабачыць, ад каго яна была.
Таксама прапануем дасылаць тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
Даслаць палітзняволеным, у дачыненні да якіх прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў у сілу, пасылку з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога іх сем’ям і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітзняволеным перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты — ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз. Але нельга дасылаць пасылкі жанчынам у брэсцкі і баранавіцкі СІЗА, бо вагу пасылак залічваюць у агульную вагу перадач.
Добрай падтрымкай будзе “медыцынская бандэроль”, напрыклад, з абязбольнымі, гарачкапаніжальнымі, супрацьзапаленчымі і любымі вітамінамі. Такую бандэроль трэба падпісаць “з медыкаментамі”.
Можаце зрабіць грашовы перавод, каб палітзняволеныя змаглі пачаставаць сабе прысмакамі з турэмнай крамы, а таксама набыць маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці. Адзначым, што гэта таксама можна зрабіць толькі тым, у дачыненні да каго прысуд яшчэ не быў вынесены ці не ўступіў у сілу, але сума на рахунку застанецца ў зняволеных нават пасля этапу ў месца зняволення або нават пасля вызвалення.
Не забывайце, што наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — prisoners.spring96.org