«Рэвалюцыі не з’яўляюцца актамі гераізму аднаго чалавека. Гэта маленькія акты гераізму мільёнаў»У ра…

Вольны Захад інфа

«Рэвалюцыі не з’яўляюцца актамі гераізму аднаго чалавека. Гэта маленькія акты гераізму мільёнаў»

У размове з La Razón Святлана Ціханоўская распавяла пра залежнасць Лукашэнкі ад Расіі, вызваленне палітвязняў, рызыку ўцягвання Беларусі ў вайну і будучыню краіны пасля дэмакратычных пераменаў.

Галоўнае з інтэрв’ю:
Пра залежнасць Лукашэнкі ад Пуціна
«Палітычная, эканамічная і вайсковая залежнасць Беларусі ад Масквы паглыбілася з пачатку поўнамаштабнай вайны. Колькі рэальнай свабоды мае Лукашэнка для прыняцця самастойных ад Пуціна рашэнняў? Мабыць, адзіная вольная прастора, якая ў яго ёсць, — гэта ўнутраная палітыка, рэпрэсіі, таму што Пуціну да гэтага няма справы. Ён проста хоча, каб Лукашэнка заставаўся лаяльным. У іх нешта накшталт сімбіятычнага сяброўства, таму што Лукашэнку патрэбны Пуцін, але і Пуціну патрэбны Лукашэнка. Яны выкарыстоўваюць адзін аднаго, і таму думаць, што мы можам адарваць Лукашэнку ад Пуціна — гэта ілюзія».


Пра змены ў беларускай ідэнтычнасці
«Шэсць гадоў таму адбыўся злом у ментальнасці беларускага народа. Мы пачалі верыць у сябе і пабачылі, што сапраўды можам выклікаць змены. Многія пачалі больш ганарыцца сваёй ідэнтычнасцю. Раней, жывучы пад парасонам Расіі, наша нацыянальная ідэнтычнасць была абмежавана. Але за гэтыя годы шмат людзей зразумела, што азначае быць беларусам. Наша мова, якая душылася дзесяцігоддзямі, становіцца ўсё больш папулярнай. Бацькі размаўляюць з дзецьмі пра нашу гісторыю і культуру. Было б глупствам чакаць, што 30-гадовая дыктатура і спадчына Савецкага Саюза могуць знікнуць за адзін, два ці тры дні. Мусіць адбыцца трансфармацыя нацыі. Таму што рэвалюцыі звычайна не з’яўляюцца актамі гераізму аднаго чалавека. Гэта маленькія акты гераізму мільёнаў».