«Наш адказ на “рускі мір” — гэта мова, культура, гісторыя і разуменне сябе як асобнага еўрапейскага …

Вольны Захад інфа

«Наш адказ на “рускі мір” — гэта мова, культура, гісторыя і разуменне сябе як асобнага еўрапейскага народа»

У інтэрв’ю Честнок-Live дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч распавёў пра тое, як Расія ўплывае на Беларусь і чаму важна ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць.

Пра ўплыў Расіі ў Беларусі
«Беларусь пакуль нельга назваць часткай “рускага міру”, але спробы дакапацца да яе становяцца ўсё мацнейшымі. “Россотрудничество” прасоўвае рускую мову і культуру, і ў Беларусі дзейнічаюць чатыры “рускія дамы”, плюс кансультацыйны пункт у Магілёве. Ёсць Дом Масквы ў Мінску з вялікім бюджэтам, фонд “Рускі мір”, які абвясціў пра стварэнне новага цэнтра ў Гомельскім універсітэце, фонд імя Гарчакова, які дае стыпендыі маладым навукоўцам. І гэта асабліва важна цяпер, калі многія заходнія грантавыя магчымасці для беларускіх навукоўцаў закрытыя. Расія пашырае сваю дыпламатычную прысутнасць: акрамя амбасады ў Мінску і генеральных консульстваў у Брэсце і Гродне, плануецца адкрыццё аддзяленняў у Віцебску, Магілёве і Гомелі. Калі паглядзець, чым займаюцца гэтыя структуры, там ёсць і курсы рускай мовы, і культурныя мерапрыемствы, але адначасова вельмі шмат матэрыялаў, прысвечаных вайне ва Украіне».


Як Беларусь можа аднавіцца нават пасля самых цяжкіх перыядаў?
«У беларускай гісторыі ўжо не раз здавалася, што ўсё знішчана і аднаўленне немагчымае. Пасля рэпрэсій 1930-х гадоў Беларусь страціла вялікую частку сваёй інтэлігенцыі, пасля вайны стала фактычна інтэлектуальнай пустэльняй. Але ў 1970-я і 1980-я зноў з’явіліся маладыя людзі, якія займаліся фальклорам, стваралі гурткі, Майстроўню, шукалі беларускую культуру. І калі б гэтага руху не было, Беларусь, магчыма, не стала б незалежнай у 1991 годзе — проста не было б каму сказаць гэтае слова “незалежнасць”. Гэта мяне і натхняе: сітуацыя можа змяніцца ў адзін момант. Здавалася б, Беларусь павінны былі знішчыць яшчэ ў XVII, XVIII ці XIX стагоддзі. Але мы засталіся. І засталіся не выпадкова».


Што павінна стаць асновай беларускай будучыні?
«Адзінае, што мы можам рабіць, — умацоўваць беларускую ідэнтычнасць і дэманстраваць, што мы еўрапейскі народ. Адзін з галоўных міфаў, які трэба разбурыць ужо сёння, — гэта якраз міф пра “трыадзіны народ”. У XIX стагоддзі, калі ўжо было немагчыма не прызнаваць існаванне беларусаў і ўкраінцаў, але пры гэтым не хацелася прызнаваць іх асобнымі народамі, была прыдуманая гэтая канцэпцыя. Нам важна ведаць уласную гісторыю і разумець, што беларуская нацыя не ўзнікла ўчора. Яе фармаванне мае доўгую гісторыю, а беларуская нацыянальная ідэя была выразна сфармуляваная яшчэ ў XIX стагоддзі. Таму наш адказ на “рускі мір” — гэта мова, культура, гісторыя і разуменне сябе як асобнага еўрапейскага народа».