Юрыдычныя кансультацыі для беларусак(аў): ананімна і бясплатнаУ нашай краіне працягваюцца палітычныя…

Юрыдычныя кансультацыі для беларусак(аў): ананімна і бясплатна

У нашай краіне працягваюцца палітычныя рэпрэсіі і прававы дэфолт. Доступ да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі абмежаваны, а зварот за падтрымкай спалучаецца з рызыкай для бяспекі – асабліва калі ідзе размова пра справы з палітычнай матывацыяй.

З гэтых прычынаў сацыяльная служба дапамогі беларусам і беларускам «Адно акно» ў супрацоўніцтве з высокапрафесійнымі адвакатамі прапануюць выйсце – «гарачую лінію» з дзяжурствамі адвакатак(аў). Некалькі разоў на месяц у вас будзе магчымасць ананімна і бясплатна атрымаць юрыдычную кансультацыю.

Першая сесія – 5 красавіка з 15:00 да 17:00 па беларускім часе.

Як атрымаць кансультацыю?

5 красавіка з 15:00 да 17:00 дастаткова будзе зрабіць званок па спасылцы,
каб ананімна задаць пытанні і атрымаць кваліфікаваную юрыдычную кансультацыю.

З якімі запытамі можна звяртацца?

грамадзянска-прававыя (нерухомасць, правы спажыўцоў, спадчына і тэстаменты);
сямейнае права (развод, аліменты, падзел маёмасці, апякунства і г.д.);
адміністрацыйнае права (штрафы, абскарджанні, пазбаўленне правоў, рэгістрацыя бізнесу, абарона правоў у сферы сацыяльных паслуг);
крымінальнае права (кансультацыі і абарона па справах аб ДТЗ, крадзяжах і іншых злачынствах, дапамога пры затрыманні і арышце, працэдуры змякчэння пакарання, амністыя і г.д.).

Ці бяспечна гэта?

Так, таму што аператаркі на лініі не запісваюць і не захоўваюць дадзеныя пра званкі. Усё тэлефанаванні праходзяць праз бяспечную платформу з выкарыстаннем сучасных пратаколаў шыфравання. Гэта выключае магчымасць праслухоўвання ці перахопу дадзеных трэцімі асобамі.

За дэталямі дзяжурстваў і атрыманнем доступу да юрыдычнай падтрымкі можна сачыць у афіцыйных акаўнтах «Аднаго акна» – у Telegram ды Instagram.