Сябры! Не забывайце, што на сам рэч, мы ўсе на адным баку, мы за дабро! Вось добры, як і заўжды, тэк…

Сябры! Не забывайце, што на сам рэч, мы ўсе на адным баку, мы за дабро!

Вось добры, як і заўжды, тэкст ад Ганны Севярынец, калі хто не бачыў.

Дзяўчаты мае абедзьве захварэўшы, тэмпература, але мы вылечымся:) А злыя, тупыя і подлыя людзі — не.Самы сум, што нам з імі, гэтымі людзьмі, нявылечнымі, жыць, і цяпер і потым, побач. Сказаць па праўдзе, я пакрысе губляю думку аб тым, што калі-небудзь такіх людзей можна выправіць. Так, можна кантраляваць, можна абмяжоўваць, можна ў некаторым сэнсе ўплываць на іх колькасць праз асвету, адукацыю і выхаванне, прычым толькі да пэўнага ўзросту, але нам з імі жыць, і дзецям нашым, і ўнукам побач — заўсёды.

Таму дабро не мае права спыняцца. Чым нас болей, людзей, якія прадукуюць дабро, тым больш дабра. І нават калі яно колькасна не перамагае, яно мусіць быць. Дабру, як і злу, у свеце няма адкуль узяцца, як толькі з чалавека, прырода не ведае такіх катэгорый, то як бы сэнс жыцця нармальнага чалавека з большага можна акрэсліць даволі проста: прадукаваць дабро. Неважна, дзе, і неважна, як, хто як умее. Усё у агульную капілачку пойдзе, і кропелька, і ручай, і возера.

Болей за ўсё мяне здзівіла, як прагаварыліся ўчора ахоўнікі Жодзінскага ІВС. Яны сказалі літаральна наступнае: «Калі вы там будзеце абдымацца, выйдзе АМАП і усіх забярэ». І што вы думаеце:)) Некія чорныя ў балаклавах з дубінкамі сапраўды выйшлі, пакуль людзі на вуліцы абдымаліся.

І ў мяне няма да іх нянавісці, праўда, і страху няма, а ёсць грэблівасць і моцнае шкадаванне. На якіх падставах можна забараніць людзям абдымацца? На вельмі простых, чалавечых і зразумелых: дзікая, балючая, хворая і адчайная зайздрасць тых, каго ніхто, ніколі і ніадкуль так не сустрэне, да тых, каго будуць так сустракаць і абдымаць любых: брудных, вашывых, два тыдні нямытых, збітых, аблаяных, залітых пярцовым газам, але — непераможных.

Жыць дабром вельмі лёгка і шчасліва. Жыць злом цяжка. Мне моцна-моцна шкада тых, хто глуміць сваё адзінае, кароткае чалавечае жыццё на тое, каб забараняць людзям абдымацца.