Свабодная спартсменка Надзея Астапчук пракаментавала падпісанне Антываеннай дэкларацыі спартсменаў….

Свабодная спартсменка Надзея Астапчук пракаментавала падпісанне Антываеннай дэкларацыі спартсменаў.

Чаму важна перамагчы свой страх, адкінуць капрызы і падтрымаць Антываенную дэкларацыю?

Памятаеце, як мы ў школе малявалі голуба з галінкай як сімвал свету? І стараліся акуратным почыркам напісаць словы: МІРУ — МІР!? А зараз за гэтыя словы людзей затрымліваюць і судзяць! Усё зло заўсёды пачнецца з малога і мацнее з маўклівай бяздзейнасці грамадства. Вынік гэтага шматгадовага маўчання зараз выліўся ў поўнамаштабную вайну, якую Расія развязала ва Украіне.

Як бы яны яе не называлі — спецаперацыяй па дэнацыфікацыі ці дэмілітарызацыі, але гэта самая сапраўдная вайна. Як бы ні спрабавала ўварванне расейскіх войскаў апраўдаць прапаганда, але рэальнасць такая.

Расія ўварвалася на тэрыторыю Украіны, яе войскі забіваюць украінцаў, бамбуюць ўкраінскія гарады і вёскі, руйнуюць інфраструктуру. Загінулі тысячы мірных грамадзян, мільёны вымушаны былі пакінуць свае дамы.

У дадзенай сітуацыі Антываенная дэкларацыя дае вам магчымасць паказаць ваша стаўленне да гэтай вайны, каб ваш голас быў пачуты сусветнай супольнасцю. Дапамагчы нашай краіне хутчэй і лягчэй пераадолець санкцыі, якія наваліліся за прадастаўленне нашай тэрыторыі для акупацыйных войск. Ваш голас таксама выратуе будучыню нашага спорту. Дазволіць нашым спартсменам хутчэй вярнуцца на сусветную арэну і ўдзельнічаць у топавых турнірах. Захавае будучыню дзіцячага спорту.

Таму зараз зноў застацца ўбаку і прамаўчаць — горшы варыянт. Гэта той выпадак, калі будучыня залежыць менавіта ад кожнага з нас.

Facebook | YouTube | Instagram | Twitter | Падтрымаць фонд