«Каб ведаць, што гарыць святло ў кожным, хто захавае наш прастор для мар». Павел Белавус даслаў на в…

«Каб ведаць, што гарыць святло ў кожным, хто захавае наш прастор для мар». Павел Белавус даслаў на волю новы верш

Заснавальнік крамы Symbal.by і культурніцкі мэнэджэр Павел Белавус, якога ўтрымліваюць за кратамі больш за восем месяцаў, піша за кратамі вершы. @by_culture падзяліліся апошнім, які дайшоў на волю:

«Я тут жыву

Я нарадзіўся тут дакладна,
Тут я, напэўна, і памру,
Але цяпер не гэта важна —
Галоўнае — я тут жыву.

Я тут жыву, такую маю звычку,
Бо зручна, смачна і ўтульна тут,
Бо тут мая гарыць у небе знічка,
І тут прыняты першы мой статут.

Чаму не з’ехаў ты? Чаму застаўся?
Пытанні чую гэтыя каторы раз.
Тады турмы, напэўна, не баяўся
Тады не ведаў, пэўна, я параз.

І той, хто край пакіне наш апошнім,
Прашу, на выхадзе не выключай ліхтар,
Каб ведаць, што гарыць святло ў кожным,
Хто захавае наш прастор для мар.

Прастор зямлі, дзе нарадзіўся я дакладна,
Дзе некалі, напэўна, і памру,
Але цяпер не гэта важна,
Галоўнае, што зараз тут жыву».

22 жніўня Павел адзначыць Дзень народзінаў. Вы можаце павіншаваць яго паштоўкамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі або бандэролькамі.

Калі атрымліваеце вершы ад палітвязня, то дзяліцеся імі пад хэштэгам #вершыбелавуса. Больш вершаў можна прачытаць па спасылцы.

Падтрымайце Паўла: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Павел Мікалаевіч Белавус

Як падтрымліваць палітзняволеных?