Важна захоўваць уласную годнасць. І мая годнасць, маё пачуццё адказнасці падказваюць мне, што нельга ўвесь час быць хлопчыкам для біцця. Зараз зноў усю нацыю зневажаюць гэтым танным спектаклем. І што, усе павінны выцерціся моўчкі і ісці далей, у тым ліку некалі крутыя апазіцыйныя партыі? Гэта не проста непавага да сябе. Гэта ўжо праца супраць Беларусі. Бо калі тыя, хто ўзяў на сябе ролю альтэрнатыўных эліт, выразнікаў нацыянальнай ідэі, будуць сябе так паводзіць (быць хлопчыкамі для біцця), яны гэту нацыянальную ідэю, будуць зневажаць, ганьбіць і дыскрэдытаваць у вачах людзей. А людзі ж выбіраюць, ацэньваюць ідэі па ўчынках, па тых, хто прэзентуе ідэі. Таму, калі ты выбраў Беларусь, ты нечым дзеля яе рызыкуеш і ахвяруеш. Інакш не маеш права называць сябе лідарам.
Галоўнае — ісці сваім шляхам і захаваць сваю годнасць.
А мой шлях — гэта рабіць усё, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай.
Мікалай Статкевіч для Новага часу