​Заява БХДПрымаючы да ўвагі грамадска-палітычную сітуацыю, якая склалася на пачатак 2022 года,Разуме…

Заява БХД

Прымаючы да ўвагі грамадска-палітычную сітуацыю, якая склалася на пачатак 2022 года,
Разумеючы адказнасць перад беларускім народам,
Кіруючыся Статутам і Праграмай БХД, прынятых на з’ездзе партыі шляхам сумленнага і празрыстага галасавання 23 снежня 2017 года.

Выступаем з заявай:
1. Мерапрыемства, якое называецца рэжымам Лукашэнкі як «Рэферэндум»- не з’яўляецца актам свабоднага агульнанароднага волевыяўлення, і не можа ўспрымацца беларускім народам і сусветнай грамадскасцю як легітымнае палітычнае мерапрыемства.
2. Знаходжанне больш за тысячу беларусаў у закладніках рэжыма, у тым ліку су-старшыні БХД Паўла Севярынца; фактычнае знаходжанне замежных войскаў на тэрыторыі Беларусі; дзеянні рэжыму па ўцягванні Рэспублікі Беларусь у ваенныя авантуры на тэрыторыі іншых дзяржаў- дае нам дакладнае ўяўленне і разуменне сапраўднай сутнасці рэжыму . Дэ-юрэ і дэ-факта палітычны рэжым у Беларусі з’яўляецца нелегітымным і антынародным.
3. Дзеянні рэжыму па запалохванню грамадзян, пераслед іншадумства, наяўнасць палітычных рэпрэсій, абмежаванне свабоды слова- з’яўляюцца абуральнымі фактамі парушэння Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь, міжнародных пагадненняў, агульнапрынятых дэмакратычных нормаў і Біблейскіх прынцыпаў справядлівасці.

На падставе выкладзеных фактаў мы заклікаем:
– лічыць 27 лютага 2022 года Днём усенароднага смутку
– у Дзень усенароднага смутку, мы заклікаем грамадзян Рэспублікі Беларусь, вернікаў усіх канфесій, увесь хрысціянскі свет, праявіць салідарнасць з народам Беларусі і выказаць духоўную падтрымку ў супольнай малітве:
«ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю».

Біблія, 2-я Кніга Летапісаў 7:14

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!
Офіс БХД