​МІКОЛА СТАТКЕВІЧ З ліста за 17.04.2022 г. “Калі па пытаннях (дасылала яму вынікі сацапытанняў Левад…

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

З ліста за 17.04.2022 г.

“Калі па пытаннях (дасылала яму вынікі сацапытанняў Левада-Цэнтра), то тут відавочныя рэваншысцкія настроі і прынцып “мая краіна не мае рацыі, але гэта мая краіна”. […]

Калі ж разважаць пра настроі ўкраінскага боку , то лепшая іх ілюстрацыя – правал “бліц-крыга” і накірункі эміграцыі ўкраінцаў. Увогуле, украінская дзяржава апынулася шмат у чым надзіва неэфектыўнай і вельмі карумпаванай. Мажліва, тут прычына ў цярпімасці грамацтва да карупцыі, відавочная яшчэ ў савецкія часы. А ранейшы генэзіс гэтай рысы, мажліва, звязаны з паўднёвым тэмпераментам і прыкладам казацтва. Ну, я пра гэта пісаў яшчэ 9 год таму.
Але відавочна, што Украінская дзяржава здолела вырашыць грунтоўную задачу – выхаванне нацыі. Калі казаць карацей, то настаўнікі ўкраінскай мовы і гісторыі свае задачы збольшага вырашылі. Бо менавіта нацыянальная мова і нацыянальная версія ўласнай гісторыі фармуюць патрыятызм. І ўкраінскі патрыятызм апынуўся дастаткова масавым і моцным, каб пераадолець распад дзяржавы і арміі ў 2014 годзе, каб спыніць расійскі напад зараз.
Безумоўна, патрыятычныя пачуцці не ва ўсіх украінцаў аднолькава моцныя. Але відавочна, што менавіта ўкраінскі патрыятызм зрабіўся глыбокім перакананнем той часткі ўкраінскага грамацтва, якая здольная ўспрымаць патрыятызм, як матывацыю да самаахвярных дзеянняў. Найперш, гэта асобы з моцна выяўленым радавым пачуццём высокай годнасці і элементамі рамантызма. Такіх людзей у грамацтве не вельмі вялікі адсотак, але яны складаюць ядро супраціву ў выпадку пагрозы іх нацыі. А ад наяўнасці такіх людзей залежыць стойкасць вайсковых падраздзяленняў падчас бою. Бо іх “апантанасць” натхняе, іх прысутнасць надае ўпэўненасці кожнаму салдату ў гэтым падраздзяленні, што ён не застанецца адзіным супраць ворага.
Я ўжо цытаваў гэтую фразу Чэрчыля: “Нацыянальная мова і гісторыя абараняюць дзяржаву лепей, чым любое войска”. Магу толькі дадаць, што палітыка звужэння сфераў прымянення нацыянальнай мовы, замоўчванне нацыянальнай гісторыі – гэта палітыка дзяржаўнай здрады. Заўсёды так лічыў”.