З Фэйсбуку Марыны Адамовіч “А “новага” у нас адсутнасць лістоў ужо месяц, чарговы ШІЗА, і “новыя” спосабы (насамрэч, старыя і шмат разоў скарыстаныя) “навешваць” спагнанні.
Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя дворыкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінную прагулку, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя дворыкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. Пенсіянер жа )). У выніку кожная “прагулка” заканчваецца спагнаннем. А што?! Проста ж! І прыдумваць нічога не трэба!
Лішаць на асаблівым рэжыме ўжо няма чаго – там “плюшак” і так не густа, яны ўжо закончыліся, таму, верагодна, у скрыню складаюць спагнанні, на будучыню. Адныя вымовы засталіся. Увогуле, з вымоваў звычайна пачынаюць “працэс выпраўлення”, але ж як тады асаблівую адданасць прадэманстраваць?
Яшчэ пра лісты… Я даведалася, што нашым “падзельнікам” (6 чалавек) прад’явілі чарговы “іск” ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, са словаў). А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі “любіцеляў мастацтва” ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасць у тым, што ўсе, без выключэнняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га.
Мікалай, аказваецца, гэты шэдэўр мне адправіў у лісце. Ліст, безумоўна, “згубіўся”.
Іншыя лісты, пра якія я дакладна ведаю, таксама заблукалі нейдзе.
Цікава, чаго саромеюцца?“