​Асабістае меркаванне. Усім прывітанне, я Алег Паўлаў і ў мяне ёсць меркаванне.Зразумела, яно з’яўля…

Асабістае меркаванне. Усім прывітанне, я Алег Паўлаў і ў мяне ёсць меркаванне.Зразумела, яно з’яўляецца адзіна правільным, а ўсе астатнія няверныя)). Я спадзяюся, усё зразумелі сарказм, таму двукоссі не стаўлю.

Аб чым я? Пра будучую, новую Беларусь. Я наўмысна апускаю перыяд і працэс змены ўлады, паколькі ніхто не асмеліцца зараз сцвярджаць як менавіта і калі гэта адбудзецца, але я, як і большасць беларусаў, упэўнены, што адбудзецца і, магчыма, не ў такой ужо аддаленай будучыні. Мяне асабіста, як простага грамадзяніна, цікавяць тыя змены ў краіне, якія закрануць, прабачце за тоеслоўе, мяне асабіста. У прыватнасці, ці вернуць новыя ўлады Беларусі пенсійны ўзрост, ці адменяць плату за прыватызацыю жылля і шмат іншага.

Або, вырашаючы праблемы эканамічныя, тыпу праблемных прадпрыемстваў, знешняга доўгу, беспрацоўя і інфляцыі мне скажуць пацярпіце яшчэ? Дык я не буду трываць, тут і цяпер кажу, не буду, адразу пайду ў апазіцыю да гэтай улады, якой бы дэмакратычнай яна ні была. У мяне больш няма прымання сакральнасці ўлады, вось як няма яе ва Украіне. І паколькі я гаспадар на зямлі дзе нарадзіўся, то я кажу гэтай уладзе, гэтым кіраўнікам – ідзіце лесам, вы мяне не задавальняеце.

Больш за тое, прапаную на заканадаўчым узроўні замацаваць за грамадзянамі магчымасць не плаціць падаходны падатак у выпадках, калі зварот у мясцовыя дзяржаўныя органы не прыводзіць да вырашэння праблемы. На рэспубліканскі бюджэт гэта практычна не паўплывае, а вось мясцовым прыйдзецца паварушыцца. Гэта, дарэчы, нядрэнны рычаг ўздзеяння на мясцовую ўладу. Далей, да пытання аб люстрацыі. Калі заўтра, пасля змены ўлады, я ўбачу як нахабна ўсміхаюцца мне ў твар тыя мянты, якія нас неаднаразова затрымлівалі за акціі, пікеты і мітынгі або таго суддзю, які даваў людзям тэрміны за каментар, а новая ўлада заявіць што ў грамадстве трэба згода і, маўляў, неабходна перавярнуць старонку, то гл. вышэй. А ў мяне ёсць важкія падставы дзеля таго каб так лічыць.

Што азначае “пабудуем свабодную дэмакратычную Беларусь?” Для мяне гэта набор дэкларацый, не больш таго. Калі той пляшывы персанаж таксама распавядаў аб дэмакратыі і што ў выніку? Я гатовы падтрымаць палітыка, які мае сапраўдную праграму дзеянняў, пакрокава, менавіта як ён плануе пабудаваць у Беларусі дэмакратычную дзяржаву? На аснове чаго? Жаданняў, хацелак ці чагосьці больш грунтоўнага? Жыццё паказвае, што нават той палітык, хто насамрэч жадаў зрабіць нешта каштоўнае дзеля народа, праз нейкі час ва ўладе зьмяняецца, і не ў лепшы бок.

Я ўпэўнены, што жабракі і галеча не пабудуюць свабодную і незалежную Беларусь. А дзеля таго каб беларусы сталі заможныя ім патрэбна зямля, і не кавалачак некалькі сотак, а гектары! Што будзе з прыватызацыяй зямлі, яна будзе? І калі будзе то як будзе праводзіцца? Ці будзе ільготная прыватызацыя для пацярпелых ад рэжыму, для тых, хто зараз рэальна змагаецца за Беларусь ва Украіне?

А як новая ўлада збіраецца займацца дзяржаўным будаўніцтвам? Незалежныя галіны ўлады? Чулі, хочацца, прабачце, памацаць, менавіта як вы збіраецеся забяспечыць гэтую самую незалежнасць суда, парламента і кіраўніка дзяржавы адзін ад аднаго? Парламенцкая рэспубліка? Вельмі спрэчна, для сталых дэмакратый, так. Для нас можа стаць бясконцай гаварыльняй, а рухацца трэба вельмі хутка, мы адсталі ад той жа Еўропы гадоў на 50. Новая ўлада, калі яна хоча стаць гэтай уладай, ужо цяпер павінна сказаць што і як яна будзе рабіць у новай Беларусі.