​МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ Першы ліст пасля выхаду з ШІЗА ад 23.01.23Верагодна, Мікалай ізноў хварэе “[…] …

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
Першы ліст пасля выхаду з ШІЗА ад 23.01.23
Верагодна, Мікалай ізноў хварэе
“[…] далей звычайная ратацыя з “адзіночкі” ў ШІЗА На гэты раз не самая ўдалая. (Ага, аказваецца, астатнія былі “ўдалыя”. Чаму я не здзіўляюся? М.А.). Сяджу ў ШІЗА звычайна разам з “прыстойным арыштантам” са знаёмых. Але гэтым разам сусед апынуўся крыху прастужаным. Потым ужо не крыху. А за ім і я. Але цяпер толькі “верхні” кашаль застаўся, які паволі праходзіць

Другі ліст пасля выхаду з ШІЗА ад 23.01.23
Наконт камер тут – іх пачалі мяняць пасля кожнага ШІЗА. Пасля апошняга спачатку трапіў у вуглавую камеру на паўпадвальным паверсе, дзе нават “паложанай” радыёкропкі не было, а з паловы столі дастаткова інтэнсіўна капала вада. Быў там крыху болей за суткі – калі са столі ўжо палілося, то дамогся пераводу з гэтай камеры. Зараз сяджу ў сухой. З трэцяга разу трапіў
[…], я зусім не спрабую скардзіцца табе, а проста па сваіх нудных звычках фіксую падзеі вакол сябе. У мяне самога ўсё гэта выклікае іранічную цікаўнасць, не болей. Тым больш, што ў свеце зараз столькі крыві і пакутаў, што ўсё гэта здаецца дробязным.
***
Зараз спрабуюць вярнуць назад частку ўцекачоў. Думаю, што гэта выклікана рэзкім змяньшэннем насельніцтва ў выніку смяротнасці ад ковіду і з-за эміграцыі. Магчыма, “пералік” рэзервістаў ваенкаматамі паказаў рэальную сумную карціну.
Але маю вялікі сумнеў, што жадаючых вярнуцца будзе шмат. Асабліва на тле апошняй “рэкламы”, калі жонак саджаюць з-за заяў пра невінаватасць мужоў”

З Фэйсбуку Марыны Адамовіч

Можна пісаць афіцыйныя запыты ў калонію па электроннай пошце: [email protected]
Кожны можа запытацца і пра стан здароўя зняволенага Мікола Статкевіч , і пра тое, чаму да яго не даходзяць вашы лісты.

Падтрымаць палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу